Быццё, разьдзел 22

І было, пасьля гэтых падзей Бог спакушаў Абрагама і сказаў яму: Абрагаме! Ён сказаў: вось я.

Бог сказаў: вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя і там прынясі яго на цэласпаленьне на адной з гор, пра якую Я скажу табе.

Абрагам устаў з самага рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух падлеткаў сваіх і Ісаака, сына свайго; накалоў дроў на цэласпаленьне і ўстаўшы пайшоў да месца, пра якое сказаў яму Бог.

На трэці дзень Абрагам узьвёў вочы свае і ўбачыў тое месца здалёк.

І сказаў Абрагам падлеткам сваім: застаньцеся тут з аслом; а я і сын пойдзем туды і паклонімся, і вернемся да вас.

І ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленьне і паклаў на Ісаака, сына свайго; узяў у рукі агонь і нож, і пайшлі абодва разам.

І пачаў Ісаак гаварыць Абрагаму, бацьку свайму, і сказаў: бацька мой! Ён адказаў: вось я, сыне мой. Ён сказаў: вось агонь і дровы, дзе ж ягня на цэласпаленьне?

Абрагам сказаў: Бог нагледзіць сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой. І яны ішлі абодва разам

і прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог; і зладзіў там Абрагам ахвярнік, расклаў дровы і, зьвязаўшы сына свайго Ісаака, паклаў яго на ахвярнік паўзьверх дроў.

І падняў Абрагам руку сваю і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго.

Але анёл Гасподні заклікаў яго зь неба і сказаў: Абрагаме! Абрагаме! Ён сказаў: вось я.

Анёл сказаў: не падымай рукі тваёй на хлопчыка, і не рабі зь ім нічога; бо цяпер Я ведаю, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго, дзеля Мяне.

І ўзьвёў Абрагам вочы свае і ўбачыў: і вось, за ім баран, які заблытаўся ў гушчобе рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на цэласпаленьне замест сына свайго.

І даў Абрагам назву месцу таму: Ягова-ірэ. Таму і сёньня гаворыцца: на гары Яговы ўгледзіцца.

І другі раз заклікаў анёл Гасподні зь неба

і сказаў: Сабою прысягаю, кажа Гасподзь, што так, як ты зрабіў гэта і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго,

дык Я дабраслаўляючы дабраслаўлю цябе і множачы памножу семя тваё гарадамі ворагаў сваіх;

і дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямлі за тое, што ты паслухаўся голасу Майго.

І вярнуўся Абрагам да хлопчыкаў сваіх, і ўсталі і пайшлі разам у Вірсавію; і жыў Абрагам у Вірсавіі.

Пасьля гэтых падзей Абрагаму абвясьцілі, сказаўшы: вось, і Мілка нарадзіла Нахору, брату твайму, сыноў:

Уца, першынца ягонага, Вуза, брата гэтаму, Кемуіла, бацьку Арамавага,

Кесэда, Хазо, Пілдаша, Ідлафа і Ватуіла;

ад Ватуіла нарадзілася Рэбэка. Васьмёх гэтых нарадзіла Мілка Нахору, брату Абрагамаваму;

і наложніца ягоная, якую звалі Рэума, таксама нарадзіла Тэваха, Гахама, Тахаша і Мааху.