1. І ўстаў Якаў і пайшоў у зямлю сыноў усходу.
  2. І ўгледзеў: вось, на полі калодзеж, і там тры статкі дробнага быдла, якія ляжалі каля яго таму, што з таго калодзежа паілі статкі. Над вусьцем калодзежа быў вялікі камень.
  3. Калі зьбіраліся туды ўсе статкі, адвальвалі камень ад вусьця калодзежа і паілі авечкі; пасьля зноў клалі камень на сваё месца, на вусьце калодзежа.
  4. Якаў сказаў ім: братове мае, адкуль вы? Яны сказалі: мы з Харана.
  5. Ён сказаў ім: ці ведаеце вы Лавана, сына Нахоравага? Яны сказалі: ведаем.
  6. Ён яшчэ сказаў ім: ці здаровіцца яму? Яны сказалі: здаровіцца; і вось, Рахіль, дачка ягоная, ідзе з авечкамі.
  7. І сказаў: вось, дня яшчэ многа; ня час зьбіраць быдла; напаеце авечак і ідзеце, пасеце.
  8. Яны сказалі: ня можам, пакуль не зьбяруцца ўсе статкі, і не адваляць каменя ад вусьця калодзежа; тады будзем мы паіць авечкі.
  9. Яшчэ ён гаварыў зь імі, як прыйшла Рахіль з дробным быдлам бацькі свайго, бо яна пасьвіла.
  10. Калі Якаў убачыў Рахіль, дачку Лавана, брата маці сваёй, дык падышоў Якаў, адваліў камень ад вусьця калодзежа і напаіў авечкі Лавана, брата маці сваёй.
  11. І пацалаваў Якаў Рахіль і ўзвысіў голас свой і заплакаў.
  12. І сказаў Якаў Рахілі, што ён родзіч бацьку яе і што ён сын Рэбэкі. А яна пабегла і сказала бацьку свайму.
  13. Лаван, пачуўшы пра Якава, сына сястры сваёй, выбег яму насустрач, абняў яго і пацалаваў яго, і ўвёў яго ў дом свой; і ён расказаў Лавану ўсё гэта.
  14. А Лаван сказаў яму: сапраўды ты косьць мая і плоць мая. І жыў у яго Якаў цэлы месяц.
  15. І Лаван сказаў Якаву: няўжо ты дарма будзеш служыць мне, бо ты родзіч? скажы мне, чым заплаціць табе?
  16. А ў Лавана было дзьве дачкі, імя старэйшай: Лія; імя малодшай Рахіль.
  17. Лія была слабая вачыма, а Рахіль была прыгожая станам і прыгожая тварам.
  18. Якаў пакахаў Рахіль і сказаў: Я буду служыць табе сем гадоў за Рахіль, малодшую дачку тваю.
  19. Лаван сказаў: лепш мне аддаць яе за цябе, чым аддаць яе за каго іншага; жыві ў мяне.
  20. І служыў Якаў за Рахаіль сем гадоў; і яны здаліся яму як некалькі дзён, бо ён кахаў яе.
  21. І сказаў Якаў Лавану: дай жонку маю, бо мне ўжо час прысьпеў, каб увайсьці да яе.
  22. Лаван склікаў усіх людзей таго месца і зладзіў гасьціну.
  23. А ўвечары ўзяў Лаван дачку сваю Лію і ўвёў яе да яго; і ўвайшоў да яе Якаў.
  24. І даў Лаван служанку сваю Зэлфу за служанку дачцэ сваёй Ліі.
  25. А раніцай выявілася, што гэта Лія. І Якаў сказаў Лавану: што гэта зрабіў ты са мною? ці ж не за Рахіль я служыў у цябе? навошта ты ашукаў мяне?
  26. Лаван сказаў: у нашым месцы так ня робяць, каб малодшую выдаваць раней за старэйшую;
  27. закончы тыдзень гэтай; потым дамо табе і тую за службу, якую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем гадоў.
  28. Якаў так і зрабіў і закончыў тыдзень гэтай. І даў Рахіль, дачку сваю, яму за жонку.
  29. І даў Лаван служанку сваю Валу за служанку дачцэ сваёй Рахілі.
  30. Якаў увайшоў і да Рахілі, і кахаў Рахіль болей, чым Лію; і служыў у яго яшчэ сем гадоў.
  31. Гасподзь угледзеў, што Лія была нелюбка, і адчыніў нутробу яе, а Рахіль была няплодная.
  32. Лія зачала і нарадзіла сына, і дала яму імя: Рувім, бо сказала: Гасподзь угледзеў маё гароцтвы; бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой.
  33. І зачала зноў і нарадзіла сына, і сказала: Гасподзь пачуў, што я нелюбка, і даў мне і гэтага. І дала яму імя: Сымон.
  34. І зачала яшчэ і нарадзіла сына, і сказала: вось цяпер прылепіцца да мяне муж мой, бо я нарадзіла яму трох сыноў. Таму і дадзена яму імя: Левій.
  35. І яшчэ зачала і нарадзіла сына, і сказала: вось цяпер я праслаўлю Госпада. Таму дала яму імя: Юда. І перастала радзіць.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/01/29/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016