1. І ўбачыла Рахіль, што яна ня родзіць дзяцей Якаву, і пазайздросьціла Рахіль сястры сваёй, і сказала Якаву: дай мне дзяцей; а калі не, я паміраю.
  2. Якаў угневаўся на Рахіль і сказаў ёй: хіба я Бог, Які ня даў табе плоду ў чэраве?
  3. Яна сказала: вось служанка мая Вала: увайдзі да яе; хай яна родзіць на калені мае, каб і я мела дзяцей ад яе.
  4. І дала яна Валу, служанку сваю, за жонку яму; і ўвайшоў да яе Якаў.
  5. Вала зачала і нарадзіла Якаву сына.
  6. І сказала Рахіль: наканаваў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына. Таму дала яму імя: Дан.
  7. І яшчэ зачала і нарадзіла Вала, служанка Рахіліна, другога сына Якаву.
  8. І сказала Рахіль: змаганьнем моцным змагалася я зь сястрою маёю і перамагла. І дала яму імя: Нэфталім.
  9. Лія ўбачыла, што перастала радзіць, і ўзяла служанку сваю Зэлфу, і дала яе Якаву за жонку.
  10. І Зэлфа, служанка Лііна, нарадзіла Якаву сына.
  11. І сказала Лія: прыбавілася. І дала яму імя: Гад.
  12. Зэлфа, служанка Лііна нарадзіла другога сына Якаву.
  13. І сказала Лія: на дабро мне, бо шчаснаю будуць называць мяне жанчыны. І дала яму імя: Асір.
  14. Рувім пайшоў у час жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоравыя яблыкі ў полі, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І Рахіль сказала Ліі: дай мне мандрагораў сына твайго.
  15. Але Лія сказала ёй: няўжо мала табе — завалодаць мужам маім, што ты дамагаешся і мандрагораў сына майго? Рахіль сказала: дык няхай ён ляжа з табою гэтай ночы, за мандрагоры сына твайго.
  16. Якаў прыйшоў з поля ўвечары, і Лія выйшла яму насустрач і сказала: увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры сына майго. І лёг ён зь ёю тае ночы.
  17. І пачуў Бог Лію, і яна зачала і нарадзіла Якаву пятага сына.
  18. І сказала Лія: Бог даў мне адплату за тое, што я аддала служанку маю мужу майму. І дала яму імя: Ісахар (што азначае: адплата).
  19. І яшчэ зачала Лія і нарадзіла Якаву шостага сына.
  20. І сказала Лія: Бог даў мне цудоўны дар: цяпер будзе жыць у мяне муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў. І дала яму імя: Завулон.
  21. Потым нарадзіла дачку і дала ёй імя: Дзіна.
  22. І ўспомніў Бог пра Рахіль, і пачуў яе Бог, і адчыніў улоньне яе.
  23. Яна зачала і нарадзіла сына, і сказала: зьняў Бог ганьбу маю.
  24. І дала яму імя Язэп, сказаўшы: Гасподзь дасьць мне і другога сына.
  25. Пасьля таго, як Рахіль нарадзіла Язэпа, Якаў сказаў Лавану: пусьці мяне, і пайду я ў сваё месца і ў сваю зямлю:
  26. аддай жонак маіх і дзяцей маіх, за якіх я служыў табе, і я пайду: бо ты ведаеш службу маю, якую я служыў табе.
  27. І сказаў яму Лаван: о, калі б я знайшоў упадабаньне перад вачыма тваімі! я заўважаю, што за цябе Гасподзь дабраславіў мяне.
  28. І сказаў: назнач сабе ўзнагароду ад мяне, і я дам.
  29. І сказаў яму Якаў: ты ведаеш, як я служыў табе, і якім стала быдла пры мне;
  30. бо мала было ў цябе да мяне, а стала многа; Гасподзь дабраславіў цябе з прыходам маім; калі ж я буду працаваць на свой дом?
  31. І сказаў Лаван: што даць табе? Якаў сказаў: не давай мне нічога. Калі толькі зробіш мне, што я скажу, дык я зноў буду пасьвіць і ахоўваць авечкі твае.
  32. І прайду сёньня па ўсім статку авечак тваіх; аддзялі зь яго ўсё быдла з плямкамі і зь пярэсьцінамі, усё быдла чорнае з авечак, таксама з плямкамі і зь пярэсьцінамі з коз. Такое быдла будзе мне ўзнагародаю.
  33. І гаварыцьме перад табою справядлівасьць мая ў наступны час, калі прыйдзеш паглядзець узнагароду маю. Кожная каза ня з плямкамі, і авечка ня чорная, гэта крадзенае ў мяне.
  34. Лаван сказаў: добра, няхай будзе паводле твайго слова.
  35. І аддзяліў у той дзень казлоў пярэстых і з плямамі, і ўсіх коз з плямкамі і пярэсьцінамі, усіх, на якіх было белае, і ўсіх чорных авечак, і аддаў іх на рукі сынам сваім;
  36. і назначыў адлегласьць паміж сабою і Якавам на тры дні дарогі. А Якаў пасьвіў астатняе дробнае быдла Лаванавае.
  37. І ўзяў Якаў сьвежых дубцоў таполевых, міндальных і яваравых, і выразаў на іх белыя палосы, акарыўшы да белага, якое на дубцах;
  38. і паклаў дубцы з нарэзкаю перад быдлам у вадапойных кадаўбах, зь якіх быдла прыходзіла паіцца, зачынала перад дубцамі.
  39. І зачынала быдла перад дубцамі, і нараджалася быдла пярэстае, і з плямкамі, і зь пярэсьцінамі.
  40. І аддзяляў Якаў ягнят і ставіў быдла перадам да пярэстага і ўсяго чорнага быдла Лаванавага; і трымаў свае статкі асобна і ня ставіў іх разам з быдлам Лаванавым.
  41. Кожнага разу, калі зачынаць быдла моцнае, Якаў клаў дубцы ў кадаўбах перад вачыма ў быдла, каб яно зачынала перад дубцамі.
  42. А калі зачынала быдла слабое, тады ён ня клаў. І даставалася слабое быдла Лавану, а моцнае Якаву.
  43. І зрабіўся гэты чалавек вельмі, вельмі багаты, і было ў яго мноства дробнага быдла, і рабынь і рабоў, і вярблюдаў і аслоў.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/01/30/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017