1. Нехта з роду Лявіінага пайшоў і ўзяў сабе за жонку з таго ж самага роду.
  2. Жонка зачала і нарадзіла сына, і бачачы, што ён вельмі прыгожы, хавала яго тры месяцы;
  3. але ня могучы даўжэй хаваць яго, узяла трысьняговы кош і засмаліла яго асфальтам і смалою і, паклаўшы ў яго немаўля, паставіла ў трысьнягу на беразе ракі,
  4. а сястра яго пачала здалёк назіраць, што зь ім будзе.
  5. І выйшла дачка фараонава на раку мыцца, а прыслужніцы яе хадзілі па беразе ракі. Яна ўбачыла кош сярод трысьнягу і паслала рабыню сваю ўзяць яго.
  6. Адкрыла і ўбачыла немаўля; і вось, дзіця плача; і ўмілажалілася зь яго і сказала: гэта з Габрэйскіх дзяцей.
  7. І сказала сястра яго дачцэ фараонавай: ці не схадзіць мне і ці не паклікаць да цябе карміцельку з Габрэек, каб яна мамчыла табе немаўля?
  8. Дачка фараонава сказала ёй: схадзі. Дзяўчына пайшла і паклікала маці немаўляці.
  9. Дачка фараонава сказала ёй: вазьмі гэтае немаўля і мамчы яго мне; я заплачу табе. Жанчына ўзяла немаўля і мамчыла яго.
  10. І вырасла немаўля, і яна прывяла яго да дачкі фараонавай, і ён быў у яе за сына, і дала яму імя: Майсей, бо, казала яна, я з вады дастала яго.
  11. Праз доўгі час, калі Майсей вырас, сталася, што ён выйшаў да братоў сваіх і ўбачыў цяжкую працу іхнюю; і ўбачыў, што Егіпцянін бэе аднаго Габрэя з братоў ягоных.
  12. Паглядзеўшы туды і сюды і бачачы, што няма нікога, ён забіў Егіпцяніна і схаваў яго ў пяску.
  13. І выйшаў ён на другі дзень, і вось, два Габрэі сварацца; і сказаў ён крыўдзіцелю: навошта ты бэеш блізкага твайго?
  14. А той сказаў: хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзёю над намі? ці ня думаеш ты забіць і мяне, як забіў Егіпцяніна? Майсей спалохаўся і сказаў: правільна, даведаліся пра гэтую справу.
  15. І пачуў фараон пра гэтую справу і хацеў забіць Майсея; але Майсей уцёк ад фараона і жы ў зямлі Мадыямскай і сеў каля калодзежа.
  16. У сьвятара Мадыямскага сем дочак. Яны прыйшлі, начэрпалі вады і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго.
  17. І прыйшлі пастухі і адагналі іх. Тады ўстаў Майсей і абараніў іх, і напаіў авечак іхніх.
  18. І прыйшлі яны да Рагуіла, бацькі свайго, і ён сказаў: што вы так хутка прыйшлі сёньня?
  19. Яны сказалі: нейкі Егіпцянін абараніў нас ад пастухоў, і нават начэрпаў нам вады і напаіў авечак.
  20. Ён сказаў дочкам сваім: дзе ж ён? навошта вы яго пакінулі? клікніце яго, і хай ён есьць хлеб.
  21. Майсею спадабалася жыць у гэтага чалавека; і той выдаў за Майсея дачку сваю Сэпфору.
  22. Яна нарадзіла сына, і даў яму імя: Гірсам, бо, казаў ён, я зрабіўся прыхаднем у чужой зямлі.
  23. Праз доўгі час, памёр цар Егіпецкі. І стагналі сыны Ізраілевыя ад працы і енчылі, і енк іхні ад працы ўзышоў да Бога.
  24. І пачуў Бог стогн іхні, і ўспомніў Бог заруку Сваю з Абрагамам, Ісаакам і Якавам.
  25. І ўбачыў Бог сыноў Ізраілевых, і дагледзеў іх Бог.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/02/02/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016