1. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону ў зямлі Егіпецкай, кажучы:
  2. месяц гэты хай будзе ў вас пачаткам месяцаў, першым хай будзе ён у вас паміж месяцамі года.
  3. Скажэце ўсяму супольству Ізраілеваму: у дзясяты дзень гэтага месяца няхай возьме кожны адно ягня па семэях, па ягняці на сямейства;
  4. а калі сямэя такая малая, што ня зьесьць ягняці, дык няхай возьме з суседам сваім, бліжэйшым да дома свайго, па ліку душ: паводле той меры, колькі кожны зьесьць, палічэцеся на ягня.
  5. Ягня ў вас павінна быць бяз хібы, мужчынскага полу, аднагодак; вазьмеце яго ад авечак альбо ад коз,
  6. і няхай яно захоўваецца ў вас да чатырнаццатага дня гэтага месяца: тады хай заколе яго ўвесь сход грамады Ізраільскай увечары,
  7. і хай возьмуць ад крыві і памажуць на абодвух вушаках і на папярэчыне дзьвярэй у дамах, дзе будуць есьці яго;
  8. няхай зьядуць мяса зь яго ў гэтую самую ноч, сьпечанае на агні, — з прэсным хлебам і з горкімі травамі няхай зьядуць яго;
  9. ня ежце ад яго недапечанага, альбо гатаванага ў вадзе, а ежце сьпечанае на агні, галаву з нагамі і вантробамі;
  10. не пакідайце ад яго да раніцы; а астатак яго да раніцы спалеце на агні.
  11. А ежце яго так: хай будзе паясьніца ваша перапяразана, абутак ваш на нагах вашых і кіі вашыя ў руках вашых, і ежце яго пасьпешліва: гэта — Пасха Гасподняя.
  12. А Я гэтай самай ночы прайду па зямлі Егіпецкай, і пабэю кожнага першынца ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да быдла, і над усімі божышчамі Егіпецкімі ўчыню суд. Я Гасподзь.
  13. І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма вас, і ня будзе сярод вас пошасьці згубнае, калі буду караць зямлю Егіпецкую.
  14. І хай будзе вам дзень гэты незабыўны, і сьвяткуйце яго як сьвята Госпаду ва ўсе роды вашыя; як устанаўленьне вечнае свьяткуйце яго.
  15. Сем дзён ежце прэсны хлеб; з самага першага дня зьнішчыце квашанае ў дамах вашых, бо хто будзе есьці квашанае зь першага дня да сёмага дня, душа тая зьнішчана будзе з асяродзьдзя Ізраіля.
  16. І ў першы дзень хай будзе ў вас сьвяты сход, і ў сёмы дзень сьвяты сход: ніякай працы нельга рабіць у гэтыя дні; толькі што есьці кожнаму, адно тое можна рабіць вам.
  17. пільнуйцеся праснакоў, бо ў гэты самы дзень Я вывеў рушэньне вашае зь зямлі Егіпецкай, і пільнуйцеся дня гэтага ў роды вашыя, як устанаўленьня вечнага.
  18. З чатырнаццатага дня першага месяца, зь вечара ежце прэсны хлеб да вечара дваццаць першага дня таго самага месяца;
  19. сем дзён не павінна быць закваскі ў дамах вашых, бо хто будзе есьці квашанае, душа тая вынішчана будзе з грамады Ізраілевай, прыхадзень гэта альбо прыродны жыхар зямлі той.
  20. Нічога квашанага ня ежце: усюды, дзе будзеце, ежце прэсны хлеб.
  21. І склікаў Майсей усіх старэйшынаў Ізраілевых і казаў ім: выберыце і вазьмеце сабе ягнят па семэях вашых і закалеце паску;
  22. і вазьмеце пучок ізопу, і абмачэце ў кроў, якая ў посудзе, і памажце папярэчыну і абодва вушакі дзьвярэй крывёю, якая ў посудзе: а вы ніхто ня выходзьце за дзьверы дома свайго да раніцы.
  23. І пойдзе Гасподзь караць Егіпет, і ўбачыць кроў на папярэчыне і на абодвух вушаках, і пройдзе Гасподзь міма дзьвярэй, і не дапусьціць згубцу ўвайсьці ў дамы вашыя дзеля кары.
  24. Трымайцеся гэтага, як закону сабе і сынам вашым вечна.
  25. Калі ўвойдзеце ў зямлю, якую Гасподзь дасьць вам, як Ён казаў, захоўвайце гэта служэньне.
  26. І калі скажуць вам дзеці вашыя: што гэта за служэньне?
  27. скажэце: гэта пасхальная ахвяра Госпаду, Які прайшоў міма дамоў сыноў Ізраілевых у Егіпце, калі караў Егіпцянаў, і дамы нашыя выбавіў. І схіліўся народ і пакланіўся.
  28. І пайшлі сыны Ізраілевыя і зрабілі: як сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, так і зрабілі.
  29. Апоўначы Гасподзь пабіў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца фараона, які сядзеў на троне сваім, да першынца вязьня, які быў у цямніцы, і ўсё першароднае з жывёлы.
  30. І ўстаў фараон уначы сам і ўсе рабы ягоныя і ўвесь Егіпет; і пачаўся вялікі енк у зямлі Егіпецкай, бо ня было дома, дзе ня было б мёртвага.
  31. І паклікаў Майсея і Аарона ўначы і сказаў: устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, як вы, так і сыны Ізраілевыя, і ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, як казалі вы;
  32. і дробнае і буйное быдла ваша вазьмеце, як вы казалі; і ідзеце і дабраславеце мяне.
  33. і пануквалі Егіпцяне народ, каб хутчэй выслаць яго зь зямлі той; бо казалі яны: мы ўсе памрэм.
  34. І панёс народ цеста сваё, перш чым яно закісла; рошчына іхняя, завязаная ў вопратцы іхняй, была на плячах іхніх.
  35. І зрабілі сыны Ізраілевыя паводле слова Майсеевага і прасілі ў Егіпцянаў рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі.
  36. А Гасподзь даў ласку народу ў вачах Егіпцянаў: і яны давалі яму, і абабраў ён Егіпцянаў.
  37. І выправіліся сыны Ізраілевыя з Раамсэса ў Сакхот да шасьцісот тысяч пешых мужчын, апрача дзяцей;
  38. і мноства рознапляменных людзей выйшлі зь імі, і дробнае і буйное быдла, статак вельмі вялікі.
  39. І сьпяклі яны зь цеста, якое вынесьлі зь Егіпта, праснакі, бо яно яшчэ ня скісла, таму што яны выгнаныя былі зь Егіпта і не маглі марудзіць і нават ежы не прыгатавалі сабе на дарогу.
  40. А часу, які сыны Ізраілевыя жылі ў Егіпце, было чатырыста трыццаць гадоў.
  41. Як прайшло чатырыста трыццаць гадоў, у гэты самы дзень выйшла ўсё рушэньне Гасподняе зь зямлі Егіпецкай уначы.
  42. Гэта — ноч чуваньня Госпаду за вывад іх зь зямлі Егіпецкай; гэта самая ноч — чуваньне Госпаду ва ўсіх сыноў Ізраілевых у роды іхнія.
  43. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: вось статут Пасхі: ніякі іншапляменец не павінен есьці яе;
  44. а кожны раб, куплены за срэбра, калі абрэжаш яго, можа есьці яе;
  45. пасяленец і найміт не павінен есьці яе.
  46. У адным доме трэба есьці яе, ня выносьце мяса прэч з дому і костак яе ня крышэце.
  47. Уся грамада Ізраіля павінна ўчыняць яе.
  48. А калі паселіцца ў цябе прыхадзень і захоча ўчыніць Пасху Госпаду, дык абрэж у яго ўсіх мужчынскага полу, і тады няхай ён пачне рабіць яе, і будзе як прыродны жыхар зямлі; а ніякі неабрэзаны не павінен есьці яе;
  49. адзін закон хай будзе і прыроднаму жыхару і прыхадню, які пасяліўся сярод вас.
  50. і зрабілі ўсё сыны Ізраілевыя: як загадаў Гасподзь Майсею і Аарону, так і зрабілі.
  51. У гэты самы дзень Гасподзь вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай па рушэньнях іхніх.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/02/12/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017