1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
  2. скажы сынам Ізраілевым, каб яны павярнуліся і сталі табарам перад Пі-Гахіротам, паміж Мігдолам і морам, перад Ваал-Цафонам; насупраць яго атабарцеся каля мора.
  3. І скажа фараон пра сыноў Ізраілевых: яны заблудзіліся ў зямлі гэтай, замкнула іх пустыня.
  4. А Я напоўню чэрствасьцю сэрца фараону, і ён пагоніцца за імі, і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным; і ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь. І зрабілі так.
  5. І абвешчана было цару Егіпецкаму, што народ уцёк; і абярнулася сэрца фараонава і рабоў ягоных супроць народу гэтага, і яны сказалі: што гэта мы зрабілі? навошта мы адпусьцілі Ізраільцянаў, каб яны не працавалі на нас?
  6. Фараон запрог калясьніцу сваю і народ свой узяў з сабою;
  7. і ўзяў шасьцьсот калясьніц адборных, і ўсе калясьніцы Егіпецкія, і правадыроў над усімі імі.
  8. І ачарсьцьвіў Гасподзь сэрца фараону, цару Егіпецкаму, і ён пагнаўся за сынамі Ізраілевымі; а сыны Ізраілевыя ішлі пад рукою высокаю.
  9. І пагналіся за імі Егіпцяне, і ўсе коні з калясьніцамі фараонавымі, і верхаўцы, і ўсё войска ягонае, і дагналі іх атабараных каля мора, пры Пі-Гахіроце, перад Ваал-Цафонам.
  10. Фараон наблізіўся, і сыны Ізраілевыя азірнуліся, і вось, Егіпцяне ідуць за імі: і вельмі спалохаліся і закрычалі сыны Ізраілевыя да Госпада,
  11. і сказалі Майсею: хіба няма магілаў у Егіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні? што гэта ты зрабіў з намі, вывеўшы нас зь Егіпта?
  12. Ці ж ня гэта самае казалі мы табе ў Егіпце, сказаўшы: пакінь нас, няхай мы будзем працаваць на Егіпцянаў. Бо лепш нам быць у рабстве ў Егіпцянаў, чым памерці ў пустыні.
  13. Але Майсей сказаў народу: ня бойцеся, стойце — і ўбачыце выратаваньне ад Госпада, якое Ён дасьць вам і сёньня, бо Егіпцянаў, якіх вы бачыце сёньня, больш ня ўбачыце вавек;
  14. Гасподзь будзе змагацца за вас, і вы будзьце спакойныя.
  15. І сказаў Гасподзь Майсею: чаго ты крычыш да Мяне? скажы сынам Ізраілевым, каб яны ішлі;
  16. а ты падымі посах твой, і працягні руку тваю на мора, і падзялі яго, і пройдуць сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім;
  17. А Я зраблю чэрствым сэрца Егіпцянам, і яны пойдуць сьледам за імі; і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным і на верхаўцах ягоных:
  18. І спазнаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі пакажу славу Маю на фараоне, на калясьніцах ягоных і на вераўцах ягоных.
  19. І рушыўся анёл Божы, які ішоў за імі; рушыўся і слуп воблачны ад аблічча іхняга, і стаў па-за імі.
  20. і ўвайшоў усярэдзіну паміж табарам Егіпецкім і табарам Ізраілевым, і быў воблакам і змрокам адным і асьвятляў ноч другім, і ня зьблізіліся яны адны з аднымі праз усю ноч.
  21. І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і гнаў Гасподзь мора моцным усходнім ветрам усю ноч і зрабіў мора сушаю; і расступіліся воды.
  22. І пайшлі сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім: а воды былі ім сьцяною з правага і зь левага боку.
  23. Пагналіся Егіпцяне, і ўвайшлі за імі ўсярэдзіну мора ўсе коні фараонавыя, калясьніцы ягоныя і верхаўцы ягоныя.
  24. І ў ранішнюю варту паглядзеў Гасподзь на табар Егіпцянаў з слупа вогненнага і воблачнага і прывёў у замяшаньне табар Егіпцянаў;
  25. і зьнярухоміў колы ў калясьніцах іхніх, так што яны валаклі іх зь цяжкасьцю. І сказалі Егіпцяне: пабяжым ад Ізраільцянаў, бо Гасподзь змагаецца за іх супроць Егіпцянаў.
  26. І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю на мора, і хай павернуцца воды на Егіпцянаў, на калясьніцы іхнія і на верхаўцоў іхніх.
  27. І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і пад раніцу вада вярнулася ў сваё месца; а Егіпцяне беглі насустрач. Так патапіў Гасподзь Егіпцянаў сярод мора.
  28. І вада вярнулася і пакрыла калясьніцы і верхаўцоў усяго войска фараонавага, якія ўвайшлі за імі ў мора; не засталося ніводнага зь іх.
  29. А сыны Ізраілевыя прайшлі па сушы сярод мора: воды былі ім сьцяною па правы і па левы бок.
  30. І выбавіў Гасподзь у дзень той Ізраільцянаў з рук Егіпцянаў, і ўбачылі сыны Ізраілевыя Егіпцянаў мёртвых на беразе мора.
  31. І ўбачылі Ізраільцяне руку вялікую, якую прасьцёр Гасподзь над Егіпцянамі, і спалохаўся народ Госпада і паверыў Госпаду і Майсею, рабу Ягонаму.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/02/14/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016