1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
  2. скажы сынам Ізраілевым, каб яны зрабілі Мне прынашэньне ад кожнага чалавека, у якога будзе руплівасьць, прымайце прынашэньне Мне.
  3. Вось прынашэньні, якія вы павінны прымаць ад іх: золата, і срэбра і медзь,
  4. і воўну блакітную, пурпуровую і чырванёную, і вісон, і казіную поўсьць,
  5. і скуры барановыя чырвоныя, і скуры сінія, і дрэвы сітым,
  6. алей у сьвяцільні, пахошчы ў алей памазаньня і дзеля пахучага каджэньня.
  7. камень анікс і камяні на аздобу эфода і на нагруднік.
  8. І ўладзяць яны Мне сьвятыню, і буду жыць сярод іх;
  9. усё зрабеце, як Я паказваю табе, і ўзор скініі і ўзор усяго посуду яе; так і зрабеце.
  10. Зрабеце каўчэг з дрэва сітым; даўжыня яго два локці з палавінаю, і шырыня яго паўтара локця, і вышыня яго паўтара локця;
  11. і абкладзі яго чыстым золатам, зь сярэдзіны і звонку пакрый яго; і зрабі зьверху вакол яго залаты вянок;
  12. і вылі для яго чатыры колцы залатыя і ўмацуй на чатырох ніжніх вуглах яго: два колцы з аднаго боку яго, два з другога боку яго.
  13. Зрабі з дрэва сітым жэрдкі і абкладзі іх золатам;
  14. і ўкладзі жэрдкі ў колцы, з бакоў каўчэга, каб з дапамогаю іх несьці каўчэг;
  15. у колцах каўчэга павінны быць жэрдкі і не павінны адымацца ад яго.
  16. І пакладзі ў каўчэг адкрыцьцё, якое Я дам табе.
  17. Зрабі таксама вечка з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня яго паўтара локця;
  18. і зрабі з золата двух херувімаў: чаканнага вырабу зрабі іх на абодвух канцах вечка;
  19. зрабі аднаго херувіма з аднаго краю, а другога херувіма з другога краю; пукатымі зь вечка зрабеце херувімаў на абодвух краях яго;
  20. і будуць херувімы з паднятымі ўгору крыламі, пакрываючы сваімі крыламі вечка, а тварамі сваімі будуць адзін да аднаго; да вечка будуць твары херувімаў.
  21. І пакладзі вечка на каўчэг згары, а ў каўчэг пакладзі адкрыцьцё, якое Я дам табе:
  22. там Я буду адкрывацца табе і гутарыць з табою над вечкам, сярод двух херувімаў, якія над каўчэгам адкрыцьця, пра ўсё, што толькі буду наказваць празь цябе сынам Ізраілевым.
  23. І зрабі стол з дрэва сітым, даўжынёю ў два локці, шырынёю ў локаць, а вышынёю ў паўтара локця,
  24. і абкладзі яго золатам чыстым, і зрабі вакол яго залаты вянок;
  25. і зрабі вакол яго сьценкі ў далоню і каля сьценак яго зрабі залаты вянок вакол;
  26. і зрабі для яго чатыры колцы залатыя і ўмацуй колцы на чатырох вуглах каля чатырох ножак яго;
  27. пры сьценках павінны быць колцы, каб укладваць жэрдкі, каб насіць на іх стол;
  28. а жэрдкі зрабі з дрэва сітым і абкладзі іх золатам, і будуць насіць на іх гэты стол;
  29. зрабі таксама для яго місы, кадзільніцы, чары і кубкі, каб паліваць зь іх: з золата чыстага зрабі іх;
  30. і кладзі на стол хлябы ахвярныя прад абліччам Маім увесь час.
  31. І зрабі сьвяцільню з золата чыстага; чаканная павінна быць гэтая сьвяцільня; сьцябло яе, галіны яе, чарачкі яе, яблыкі яе і кветкі яе павінны выходзіць зь яе;
  32. шэсьць галін павінны выходзіць з бакоў яе: тры галіны сьвяцільні з аднаго боку яе і тры галіны зь сьвяцільні з другога боку яе;
  33. тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, зь яблыкам і кветкамі, павінны быць на адной галіне, і тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, на другой галінцы, зь яблыкамі і кветкамі: так на ўсіх шасьці галінах, якія выходзяць са сьвяцільні;
  34. а на сьцяблах сьвяцільні павінны быць чатыры чарачкі накшталт міндальнай кветкі зь яблыкамі і кветкамі;
  35. у шасьці галін, што выходзяць са сьцябла сьвяцільні, яблык пад дзьвюма галінамі яе, і яблык пад другімі дзьвюма галінамі, і яблык пад трэцімі дзьвюма галінамі яе;
  36. яблыкі і галіны іх зь яе павінны выходзіць: уся павінна быць чаканная, цэльная, з чыстага золата.
  37. і зрабі да яе сем лампад, і пастаў на яе лампады яе, каб сьвяцілі на відавы бок яе;
  38. і абцугі да яе і латкі да яе з чыстага золата;
  39. з таланту золата чыстага хай зробяць яе з усімі гэтымі прычындаламі.
  40. Глядзі, зрабі іх паводле таго ўзору, які паказаны табе на гары.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/02/25/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017