1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
  2. глядзі, Я прызначаю менавіта Вэсэлііла, сына Урыевага, сына Оравага, з племя Юдавага;
  3. і Я напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, розумам, ведамі і ўсялякім умельствам
  4. рабіць з золата, срэбра і медзі,
  5. рэзаць камяні, каб устаноўліваць іх, і рэзаць дрэва дзеля ўсякай патрэбы;
  6. і вось, я даю яму памочнікам Агаліява, сына Ахісамахавага, з племя Данавага, і ў сэрца кожнаму мудраму ўкладу мудрасьць, каб яны зрабілі ўсё, што Я загадаў табе:
  7. скінію сходу і каўчэг адкрыцьця і века на яго, і ўсе прылады скініі,
  8. і стол і прылады яго, і сьвяцільню з чыстага золата і ўсе прылады яго, і ахвярнік дымленьня,
  9. і ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго,
  10. і вопратку службовую і вопратку сьвяшчэнную Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным для набажэнства,
  11. і алей памазаньня і дымленьне пахучае для сьвятыні: усё так, як Я загадаў табе, яны зробяць.
  12. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
  13. скажы сынам Ізраілевым так: суботы Мае шануйце, бо гэта — азнака паміж Мною і вамі ў роды вашыя, каб вы ведалі, што Я Гасподзь, Які асьвячае вас;
  14. і шануйце суботу, бо яна сьвятая для вас: хто апаганіць яе, той хай будзе аддадзены сьмерці; хто будзе ў суботу рабіць працу, тая душа павінна быць зьнішчана з асяродзьдзя народу свайго;
  15. шэсьць дзён хай робіць працу, а ў сёмы субота спакою, прысьвечаная Госпаду: кожны, хто робіць працу ў дзень суботні, хай будзе аддадзены сьмерці;
  16. і хай шануюць сыны Ізраілевыя суботу, сьвяткуючы суботу ў роды свае, як наказ вечны;
  17. гэта — азнака паміж Мною і сынамі Ізраілевымі навечна, бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, а ў дзень сёмы спачыў і ўпакоіўся.
  18. І калі перастаў гаварыць з Майсеем на гары Сінаі, даў яму дзьве скрыжалі адкрыцьця, скрыжалі каменныя, на якіх напісана было пальцам Божым.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/02/31/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016