1. Калі якая-небудзь душа хоча прынесьці Госпаду ахвяру прынашэньня хлебнага, няхай прынясе пшанічнай мукі, і вылье на яе алею, і пакладзе на яе лівану,
  2. і прынясе яе да сыноў Ааронавых, сьвятароў, і возьме поўную жменю мукі з алеем і з усім ліванам, і спаліць гэта сьвятар у памяць на ахвярніку; гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду;
  3. а рэшту з прынашэньня хлебнага Аарону і сынам ягоным: гэта вялікая сьвятыня з ахвяраў Гасподніх.
  4. А калі прыносіш ахвяру прынашэньня хлебнага зь печанага ў печы, дык прынось пшанічныя хлябы прэсныя, зьмяшаныя з алеем, і ляпёшкі прэсныя, памазаныя алеем.
  5. Калі ахвяра твая прынашэньне хлебнае з патэльні, дык гэта павінна быць пшанічная мука, зьмяшаная з алеем, прэсная,
  6. паламай яе на кавалкі і вылі на яе алею: гэта прынашэньне хлебнае.
  7. Калі ахвяра твая прынашэньне хлебнае з горшчыка, дык трэба зрабіць яго з пшанічнай мукі з алеем,
  8. і прынясі прынашэньне, якое з гэтага складзена, Госпаду; падай гэта сьвятару, і ён прынясе яго да ахвярніка;
  9. і возьме сьвятар з гэтай ахвяры частку ў памяць і спаліць на ахвярніку: гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду;
  10. а рэшту прынашэньня хлебнага Аарону і сынам ягоным: гэта вялікая сьвятыня з ахвяраў Гасподніх.
  11. Ніякага прынашэньня хлебнага, што прыносіце Госпаду, не рабеце квашанага, бо ні квашанага, ні мёду не павінны вы спальваць у ахвяру Госпаду;
  12. як прынашэньне пачаткаў прыносьце іх Госпаду, а на ахвярнік нельга ўзносіць іх як прыемную духмянасьць.
  13. Усякае прынашэньне тваё хлебнае салі сольлю і не пакідай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго: пры ўсякім прынашэньні тваім прынось соль.
  14. Калі прыносіш Госпаду прынашэньне хлебнае зь першых пладоў, прынось у ахвяру дар ад першых пладоў тваіх з калосься, высушанага на агні, патоўчанае зерне,
  15. і вылі на яго алею, і пакладзі на яго лівану: гэта прынашэньне хлебнае;
  16. і спаліць сьвятар у памяць частку зерня і алею з усім ліванам: гэта ахвяра Госпаду.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/03/02/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016