1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
  2. вазьмі сыноў Аарона і сыноў ягоных зь ім, і вопратку і алей памазаньня, і цяля на ахвяру за грэх і двух бараноў, і кош праснакоў,
  3. і зьбяры ўсё супольства каля ўваходу ў скінію сходу.
  4. Майсей зрабіў так, як загадаў яму Гасподзь, і сабралася супольства каля ўваходу ў скінію сходу.
  5. І сказаў Майсей супольству: вось што загадаў Гасподзь зрабіць.
  6. І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных і абмыў іх вадою;
  7. І ўсклаў на яго хітон, і аперазаў яго поясам, і апрануў на яго верхнюю шату, і ўсклаў на яго эфод, і аперазаў яго поясам эфода і змацаваў ім эфод на ім,
  8. і ўсклаў на яго нагруднік, і на нагруднік паклаў урым і тумім,
  9. і ўсклаў на галаву яму кідар, а на кідар зь відавога боку яго паклаў паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, як загадаў Гасподзь Майсею.
  10. І ўзяў Майсей алей памазаньня, і памазаў скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяціў гэта;
  11. і пакрапіў ім на ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго, каб асьвяціць іх;
  12. і выліў алей памазаньня на галаву Аарону і памазаў яго, каб асьвяціць яго.
  13. І прывёў Майсей сыноў Ааронавых, і апрануў іх у хітоны, і аперазаў іх поясам, і ўсклаў на іх кідары, як загадаў Гасподзь Майсею.
  14. І прывёў цяля дзеля ахвяры за грэх, і Аарон і сыны ягоныя паклалі рукі свае на галаву цяляці за грэх;
  15. і закалоў яго і ўзяў крыві, і пальцам сваім паклаў на рогі ахвярніка з усіх бакоў, і ачысьціў ахвярнік, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка, і асьвяціў яго, каб зрабіць яго чыстым.
  16. І ўзяў увесь тлушч, што на вантробах, і сальнік на печані, і абедзьве ныркі і здор зь іх, і спаліў Майсей на ахвярніку;
  17. а цяля і скуру зь яго, і мяса яго, і нячыстасьць яго спаліў на агні па-за табарам, як загадаў Гасподзь Майсею.
  18. І прывёў барана на цэласпаленьне, і ўсклаў Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;
  19. і закалоў яго Майсей і пакрапіў крывёю на ахавярнік з усіх бакоў;
  20. і расьцяў барана на кавалкі, і спаліў Майсей галаву і кавалкі і тлушч,
  21. а вантробы і ногі вымыў вадою, і спаліў Майсей усяго барана на ахвярніку: гэта ўсё спаленьне дзеля прыемнай духмянасьці, гэта ахвяра Госпаду, як загадаў Гасподзь Майсею.
  22. І прывёў другога барана, барана прысьвячэньня, і паклалі Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;
  23. і закалоў яго Майсей, і ўзяў крыві зь яго, і паклаў на край правага вуха Ааронавага і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай.
  24. І прывёў Майсей сыноў Ааронавых, і паклаў крыві на край правага вуха іхняга і на вялікі палец правай рукі іхняй і на вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю на ахвярнік з усіх бакоў.
  25. І ўзяў тлушч і курдзюк і ўвесь здор, што на вантробах, і сальнік на печані, і абедзьве ныркі і здор зь іх і правую лапатку;
  26. і з каша з праснакамі, які перад Госпадам, узяў адзін праснак і адзін хлеб з алеем і адну ляпёшку, і паклаў на тлушч і на правую лапатку;
  27. і паклаў усё гэта на рукі Аарону і на рукі сынам ягоным, і прынёс гэта, трасучы перад абліччам Гасподнім;
  28. і ўзяў гэта Майсей з рук іхніх і спаліў на ахвярніку з цэласпаленьнем: гэта ахвяра прысьвячэньня ў прыемную духмянасьць, гэта ахвяра Госпаду.
  29. І ўзяў Майсей грудзіну і прынёс яе, трасучы прад абліччам Гасподнім: гэта была доля Майсеевая ад барана прысьвячэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.
  30. І ўзяў Майсей алею памазаньня і крыві, якая на ахвярніку, і пакрапіў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім; і так асьвяціў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім.
  31. І сказаў Майсей Аарону і сынам ягоным: згатуйце мяса каля ўваходу ў скінію сходу і там ежце яго з хлебам, які ў кашы прысьвячэньня, як мне загадана і сказана: Аарон і сыны ягоныя павінны есьці яго;
  32. а рэшту мяса і хлеба спалеце на агні;
  33. сем дзён не адыходзьце ад дзьвярэй скініі сходу, пакуль ня мінуцца дні прысьвячэньня вашага, бо сем дзён павінна доўжыцца прысьвячэньне ваша;
  34. як сёньня было зроблена, так загадаў Гасподзь рабіць дзеля ачышчэньня вас:
  35. каля ўваходу ў скінію сходу будзьце дзень і ноч на працягу сямі дзён і будзьце на варце ў Госпада, каб не памерці, бо так мне загадана.
  36. І выканаў Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў Гасподзь праз Майсея.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/03/08/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016