1. І вось словы, якія казаў Майсей усяму Ізраілю за Ярданам у пустыні на раўніне насупраць Суфа, паміж Фаранам і Тафэлем, і Лаванам і Асіротам і Дызагавам,
  2. на адлегласьці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Харыва, па дарозе ад гары Сэір да Кадэс-Варні.
  3. Саракавога году, адзінаццатага месяца, першага дня месяца, казаў Майсей сынам Ізраілевым усё, што наказаў яму Гасподзь пра іх.
  4. Пасьля таго, як забіў ён Сігона, цара Амарэйскага, які жыў у Эсэвоне, і Ога, цара Васанскага, які жыў у Амтэроце ў Эдрэі,
  5. за Ярданам, у зямлі Маавіцкай, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і сказаў:
  6. Гасподзь, Бог наш, гаварыў нам у Харыве і сказаў: годзе вам жыць на гары гэтай!
  7. павярнецеся, выпраўцеся ў дарогу і йдзеце на гару Амарэяў і да ўсіх суседзяў іхніх, на раўніну, на гару, на нізкія мясьціны і на паўднёвы край і да берагоў мора, у зямлю Ханаанскую і да Лівана, нават да ракі вялікай, ракі Еўфрата;
  8. вось, Я даю вам зямлю гэтую, ідзеце, вазьмеце ў спадчыну зямлю, якую Гасподзь з клятваю абяцаў даць бацькам вашым, Абрагаму, Ісааку і Якаву, ім і нашчадкам іхнім.
  9. І я сказаў вам у той час: не магу адзін вадзіць вас;
  10. Гасподзь, Бог ваш, памножыў вас, і вось, вы сёньня шматлікія, як зоркі нябесныя;
  11. Гасподзь, Бог бацькоў вашых, хай памножыць вас у тысячу разоў ад таго, колькі вас сёньня, і хай дабраславіць вас, як ён казаў вам:
  12. як жа мне аднаму насіць цяжары вашыя, ношкі вашыя і раздоры вашыя?
  13. выберыце сабе па плямёнах вашых мужоў мудрых, разумных і выпрабаваных, і я пастаўлю іх правадырамі вашымі.
  14. Вы адказвалі мне і сказалі: добрую дзею загадваеш ты ўчыніць.
  15. І ўзяў я галоўных з плямёнаў вашых, мужоў мудрых і выпрабаваных, і зрабіў іх правадырамі над вамі, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі, дзясятнікамі і наглядчыкамі паводле плямёнаў вашых.
  16. І даў я загад судзьдзям вашым у той час, кажучы: выслухвайце братоў вашых і судзеце справядліва як брата з братам, так і прыхадня ягонага;
  17. ня вырозьнівайце асобаў на судзе, як малога, так і вялікага выслухоўвайце: ня бойцеся аблічча чалавечага, бо суд — дзея Божая; а справу, якая вам цяжкая, даводзьце да мяне, і я выслухаю яе.
  18. І даў я вам у той час загады пра ўсё, што трэба вам рабіць.
  19. І выправіліся мы ад Гарыва, і йшлі па ўсёй гэтай вялікай і страшнай пустыні, якую вы бачылі па дарозе да гары Амарэйскай, як загадаў Гасподзь, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Варні.
  20. І сказаў я вам: вы прыйшлі да гары Амарэйскай, якую Гасподзь, Бог наш, дае вам;
  21. вось, Гасподзь, Бог твой, аддае табе зямлю гэтую, ідзі, вазьмі яе ў валоданьне, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, ня бойся і не жахайся.
  22. Але вы ўсе падышлі да мяне і сказалі: пашлём перад сабою людзей, каб яны нагледзелі нам зямлю і прынесьлі нам вестку пра дарогу, па якой нам ісьці, і пра гарады, у якія нам ісьці.
  23. Слова гэтае мне спадабалася, і я ўзяў з вас дванаццаць чалавек, па адным чалавеку ад племя.
  24. Яны пайшлі, узышлі на гару і дайшлі да даліны Эсхол і агледзелі яе;
  25. і ўзялі ў рукі свае пладоў зямлі й прынесьлі нам, і прынесьлі нам вестку і сказалі: добрая зямля, якую Гасподзь, Бог наш, дае нам.
  26. Але вы не захацелі йсьці і ўсупрацівіліся загаду Госпада, Бога вашага,
  27. і наракалі ў намётах вашых і казалі: Гасподзь, зь нянавісьці да нас, вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, каб аддаць нас у рукі Амарэяў, і зьнішчыць нас;
  28. куды мы пойдзем? браты нашыя расслабілі сэрца наша, кажучы: народ той большы і вышэйшы за нас, гарады там большыя і з умацаваньнямі да нябёсаў, ды й сыноў Энакавых бачылі мы там.
  29. І я сказаў вам: не палохайцеся і ня бойцеся іх,
  30. Гасподзь, Бог ваш, ідзе перад вамі; Ён будзе біцца за вас, як Ён зрабіў з вамі ў Егіпце, перад вачыма вашымі,
  31. і ў пустыні той, дзе, як ты бачыў, Гасподзь, Бог твой, насіў цябе, як чалавек носіць сына свайго, на ўсім шляху, які вы праходзілі, да прыходу вашага на гэта месца.
  32. Але і пры гэтым вы ня верыце Госпаду, Богу вашаму,
  33. Які йшоў прад вамі дарогаю шукаць вам месца, дзе спыніцца вам, уначы ў агні, каб паказваць вам дарогу, па якой ісьці, а ўдзень у воблаку.
  34. І Гасподзь пачуў словы вашыя, і разгневаўся, і запрысягнуўся, кажучы:
  35. ніхто зь людзей гэтых, з гэтага ліхога роду, не пабачыць добрай зямлі, якую Я прысягнуўся даць бацькам вашым;
  36. Толькі Халеў, сын Ефаніеў, пабачыць яе; яму дам Я зямлю, па якой ён праходзіў, і сынам ягоным, за тое, што ён слухаўся Госпада.
  37. І на мяне ўгневаўся Гасподзь за вас, кажучы: і ты ня ўвойдзеш туды;
  38. Ісус, сын Наваў, які пры табе, ён увойдзе туды; яго ўмацуй, бо ён увядзе Ізраіля ў валоданьне ёю;
  39. дзеці вашыя, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычаю ворагам, і сыны вашыя, якія ня ведаюць сёньня ні дабра, ні ліха, яны ўвойдуць туды, ім дам яе, і яны авалодаюць ёю;
  40. а вы павярнецеся і выпраўцеся ў пустыню па дарозе да Чэрмнага мора.
  41. І вы адказвалі тады і сказалі мне: зграшылі мы прад Госпадам, пойдзем і будзем біцца, як загадаў нам Гасподзь, Бог наш. І аперазаліся вы, кожны баявой зброяй сваёю, і неразумна рашыліся ўзысьці на гару.
  42. Але Гасподзь сказаў мне: скажы ім: ня ўзыходзьце і ня бецеся, бо няма Мяне сярод вас, каб не пабілі вас ворагі вашыя.
  43. І я казаў вам, але вы не паслухаліся і ўсупрацівіліся загаду Гасподняму і з упартасьці сваёй узышлі на гару.
  44. І выступіў супроць вас Амарэй, які жыў на гары той, і гналі вас так, як робяць пчолы, і білі вас на Сэіры да самай Хормы.
  45. І вярнуліся вы і плакалі прад Госпадам; але Гасподзь не пачуў ляманту вашага і не паслухаў вас.
  46. І прабылі вы ў Кадэсе шмат часу, колькі часу вы там былі.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/05/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016