1. Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, і прагоніць ад аблічча твайго шматлікія народы, Хэтэяў, Гергесэяў, Амарэяў, Хананэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Эвусэяў, сем народаў, якія большыя лікам і мацнейшыя за цябе,
  2. і перадасьць іх табе Гасподзь, Бог твой, і пабэеш іх, тады аддай іх праклёну, ня ўступай зь імі ў спрымірэнства і не шкадуй іх;
  3. і ня ўступай зь імі ў сваяцтва: дачкі тваёй не аддавай за сына ягонага, і дачкі ягонай не бяры за сына твайго;
  4. бо яны адвернуць сыноў тваіх ад Мяне, каб служыць іншым багам, і тады запаліцца на вас гнеў Госпада, і Ён хутка вынішчыць цябе.
  5. А зрабеце зь імі так: ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце і гаі іхнія высечыце і балванаў іхніх спалеце агнём;
  6. бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго: цябе выбраў Гасподзь, Бог твой, каб ты быў уласным ягоным народам з усіх народаў, якія на зямлі.
  7. Не на тое, каб вы былі большыя лікам за ўсе народы, прыняў вас Гасподзь і выбраў вас, — бо вы меншыя лікам за ўсе народы, —
  8. а таму, што любіць вас Гасподзь, і на тое, каб захаваць клятву, якою Ён прысягаў бацькам вашым, вывеў вас Гасподзь рукою моцнаю і вызваліў цябе з дома рабства, з рукі фараона, цара Егіпецкага.
  9. Дык вось, ведай, што Гасподзь, Бог твой, ёсьць Бог верны, Які захоўвае запавет і літасьць да тых, хто любіць Яго і шануе наказы Ягоныя да тысячы родаў,
  10. і аддасьць ненавісьнікам Ягоным у асобе іхняй, зьнішчаючы іх; Ён не замарудзіць, ненавісьніку Ягонаму самому асабіста аддасьць.
  11. Дык вось, шануй запаведзі й пастановы і законы, якія сёньня табе наказваю выконваць.
  12. І калі вы будзеце слухацца законаў гэтых і захоўваць і выконваць іх, дык Гасподзь, Бог твой, будзе захоўваць запавет і літасьць да цябе, як Ён прысягаўся бацькам тваім,
  13. і палюбіць цябе, і дабраславіць цябе, і памножыць цябе, і дабраславіць плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, і хлеб твой і віно тваё і алей твой, народжанае ад буйнога быдла твайго, і ад статку авечак тваіх, на той зямлі, якую запрысягнуў бацькам тваім даць табе;
  14. дабраславёны ты будзеш больш за ўсе народы; ня будзе ні бясплоднага ні бясплоднай, ні ў цябе, ні ў быдле тваім;
  15. і адвядзе ад цябе Гасподзь усякую немач, і ніякіх лютых хваробаў Егіпецкіх, якія ты ведаеш, не навядзе на цябе, а навядзе іх на ўсіх ненавіснікаў тваіх;
  16. і зьнішчыш усе народы, якія Гасподзь, Бог твой, дае табе: хай не пашкадуе іх вока тваё, і ня служы багам іхнім, бо гэта сетка на цябе.
  17. Калі скажаш у сэрцы тваім: «народы гэтыя большыя лікам за мяне; як я магу выгнаць іх?»
  18. ня бойся іх, згадай тое, што зрабіў Гасподзь, Бог твой, з фараонам і ўсім Егіптам,
  19. тыя вялікія выпрабаваньні, якія бачылі вочы твае, азнакі, цуды і руку моцную і мышцу высокую, зь якімі вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, тое самае зробіць Гасподзь, Бог твой, з усімі народамі, якіх ты баішся;
  20. і чмялёў нашле Гасподзь, Бог твой, на іх, пакуль не загінуць тыя, што засталіся і пахаваліся ад аблічча твайго;
  21. ня бойся іх, бо Гасподзь, Бог твой, сярод цябе, Бог вялікі й страшны.
  22. І будзе Гасподзь, Бог твой, праганяць перад табою народы гэтыя спакваля; ня можаш ты вынішчыць іх хутка, каб не памножыліся супроць цябе польныя зьвяры;
  23. але аддасьць іх табе Гасподзь, Бог твой, і прывядзе іх у вялікае бянтэжаньне, аж пакуль яны не загінуць;
  24. і аддасьць цароў іхніх у рукі твае, зьнішчыш іхняе імя з-пад нябёсаў: ня ўстоіць ніхто супроць цябе, пакуль ня выкарчуеш іх.
  25. Балваноў — багоў іхніх папалеце агнём; не пажадай узяць сабе срэбра альбо золата, якое на іх, каб гэта ня сталася табе сеткаю, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму;
  26. і ня ўнось шкараднай брыдоты ў дом твой, каб не падупасьці праклёну, як яна; адварочвайся ад гэтага і гідзіся гэтага, бо гэта праклятае.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/05/07/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016