1. Дык вось, любі Госпада, Бога твайго, і шануй, што загадана Ім шанаваць, і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя і запаведзі Ягоныя ва ўсе дні.
  2. І ведайце сёньня, — бо я гутару ня з сынамі вашымі, якія ня ведаюць і ня бачылі кары Госпада, Бога вашага, — Ягоную велічнасьць, Ягоную моцную руку і высокую мышцу Ягоную,
  3. азнакі Ягоныя і дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў сярод Егіпта з фараонам, царом Егіпецкім, і з усёю зямлёю ягонай,
  4. і што Ён зрабіў з войскам Егіпецкім, з конямі ягонымі і калясьніцамі ягонымі, якія Ён утапіў у водах Чэрмнага мора, калі яны гналіся за вамі, — і пагубіў іх Гасподзь, і так трывае аж да сёньня;
  5. і што Ён рабіў дзеля вас у пустыні, пакуль вы не дайшлі да месца гэтага,
  6. і што Ён зрабіў з Датанам і Авіронам, сынамі Эліява, сына Рувімавага, калі зямля разьзявіла вусны свае і сярод усяго Ізраіля праглынула іх і сямействы іхнія, і намёты іхнія і ўсю маёмасьць іхнюю, якая была ў іх;
  7. бо вочы вашыя бачылі ўсе вялікія дзеі Госпада, якія Ён учыніў.
  8. Дык вось, захоўвайце ўсе запаведзі, якія я пераказваю вам сёньня, каб вы ўмацаваліся і пайшлі і авалодалі зямлёю, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю;
  9. і каб жылі вы доўга на той зямлі, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым і насеньню іхняму, на зямлі, у якой цячэ малако і мёд.
  10. Бо зямля, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, не такая, як зямля Егіпецкая, зь якой выйшлі вы, дзе ты, пасеяўшы семя тваё, паліваў з дапамогаю ног тваіх, як аліўны сад;
  11. а зямля, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю, ёсьць зямля з гарамі і далінамі, і ад дажджу нябеснага напойваецца вадою, —
  12. зямля, пра якую Гасподзь, Бог ваш, рупіцца: вочы Госпада, Бога твайго, няспынна на ёй, ад пачатку года да канца года.
  13. калі вы будзеце слухаць наказы мае, якія пераказваю вам сёньня, любіць Госпада, Бога вашага, і служыць Яму ад усяго сэрца вашага і ад усёй душы вашай,
  14. дык дам зямлі вашай дажджу ў свой час, раньняга і позьняга, і ты зьбярэш хлеб твой і віно тваё і алей твой;
  15. і дам траву на полі тваім быдлу твайму, і будзеш есьці і наядацца.
  16. Пільнуйцеся, каб не засмуцілася сэрца вашае і ня ўхіліліся вы і не пачалі служыць іншым багам і не пакланяліся ім;
  17. і тады запаліцца гнеў Госпада на вас, і замкне Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць твораў сваіх, і вы неўзабаве зьнікнеце з добрай зямлі, якую Гасподзь вам дае.
  18. Дык вось, пакладзеце гэтыя словы Мае ў сэрца вашае і ў душу вашую і навяжэце іх як знак на руку сваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма вашымі;
  19. вучэце сыноў сваіх, кажучы пра іх, калі ты сядзіш у доме тваім і калі ідзеш дарогаю, і калі кладзешся і калі ўстаеш;
  20. і напішы іх на вушаках дома твайго і на варотах тваіх,
  21. каб гэтулькі ж многа было дзён вашых і дзён дзяцей вашых на той зямлі, даць якую Гасподзь запрысягнуўся бацькам вашым, колькі дзён неба будзе над зямлёю.
  22. Бо калі вы будзеце шанаваць усе запаведзі гэтыя, якія наказваю вам выконваць, будзеце любіць Госпада, Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі і гарнуцца да Яго,
  23. дык прагоніць Гасподзь усе народы гэтыя ад аблічча вашага, і вы авалодаеце народамі, якія большыя і мацнейшыя за вас;
  24. усякае месца, на якое ступіць нага ваша, будзе ваша: ад пустыні і Лівана, ад ракі, ракі Еўфрата, аж да мора заходняга будуць межы вашыя;
  25. ніхто ня ўстоіць супроць вас: Гасподзь, Бог ваш, навядзе страх і трымценьне перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён казаў вам.
  26. Вось, я прапаную вам сёньня дабраславеньне і праклён:
  27. дабраславеньне, калі паслухаецеся наказаў Госпада, Бога вашага, якія я пераказваю вам сёньня,
  28. а праклён, калі не паслухаецеся запаведзяў Госпада, Бога вашага, і ўхіліцеся ад шляху, які наказваю вам сёньня, і пойдзеце за багамі іншымі, якіх вы ня ведаеце.
  29. Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог ваш, у тую зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, тады вымаві дабраславеньне на гары Гарызім, а праклён на гары Гевал:
  30. вось ён за Ярданам, па дарозе да захаду сонца, у зямлі Хананэяў, якія жывуць на раўніне, насупраць Галгала, паблізу дубровы Марэ.
  31. Бо вы пераходзіце Ярдан, каб пайсьці авалодаць зямлёю, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам, і авалодаеце ёю і будзеце жыць на ёй.
  32. Дык вось, старайцеся выконваць усе пастановы і законы, якія прапаную вам я сёньня.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/05/11/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016