1. Гасподзь сказаў Ісусу: ня бойся і не жахайся; вазьмі з сабою ўвесь народ, здольны ваяваць, і ўстаўшы, ідзі да Гаю; вось, Я аддаю ў рукі твае цара Гайскага і народ ягоны, і горад і зямлю ягоную;
  2. і зрабі з Гаем і царом ягоным тое самае, што зрабіў ты зь Ерыхонам і царом ягоным, толькі здабычу яго і быдла ягонае падзялеце сабе. Зрабі засаду за горадам.
  3. Ісус і ўвесь народ, здольны ваяваць, устаў, каб ісьці да Гаю, і выбраў Ісус трыццаць тысяч чалавек адважных і паслаў іх уначы,
  4. і даў ім загад і сказаў: глядзеце, вы будзеце ў засадзе за горадам; не адыходзьцеся далёка ад горада і будзьце ўвесь час напагатове;
  5. а я і ўвесь народ, які са мною, пойдзем да горада; і калі выступяць супроць нас, як і раней, дык мы пабяжым ад іх;
  6. яны памкнуцца за намі, так што мы адвядзем іх ад горада; бо яны скажуць: «уцякаюць ад нас, як і раней»; калі мы пабяжым ад іх,
  7. тады вы ўстаньце з засады і завалодайце горадам, і Гасподзь Бог ваш аддасьць яго ў рукі вашыя;
  8. калі возьмеце горад, запалеце горад агнём, паводле слова Гасподняга зрабеце; глядзеце, я загадваю вам.
  9. Такім чынам паслаў іх Ісус, і яны пайшлі ў засаду і заселі паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку Гая; а Ісус тае ночы начаваў сярод народу.
  10. Устаўшы рана раніцай, Ісус агледзеў народ, і пайшоў ён і старэйшыны Ізраілевыя паперадзе народу да Гая;
  11. і ўвесь народ, здольны ваяваць, які быў зь ім, пайшоў, наблізіўся і падышоў да горада,
  12. і паставіў табар з паўночнага боку Гая, а паміж ім і Гаем была даліна; потым узяў ён каля тысяч чалавек і пасадзіў іх у засадзе паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку горада.
  13. І народ разьмясьціў увесь табар, які быў з паўночнага боку горада, так што заходняя частка была з заходняга боку горада. І прыйшоў Ісус у тую ноч на сярэдзіну даліны.
  14. Калі ўбачыў гэта цар Гайскі, адразу з жыхарамі горада, устаўшы рана, выступіў супроць Ізраіля на бітву, ён і ўвесь народ ягоны, на назначанае месца перад раўнінаю; а ён ня ведаў, што на яго ёсьць засада за горадам.
  15. Ісус і ўвесь Ізраіль, нібыта разьбітыя ім, пабеглі да пустыні;
  16. а яны клікнулі ўвесь народ, які быў у горадзе, каб гнаць іх і, гонячы Ісуса, аддаліліся ад горада;
  17. у Гаі і ў Вэтылі не засталося ніводнага чалавека, які не пагнаўся б за Ізраілем; і горад свой яны пакінулі адчынены, гонячы Ізраіля.
  18. Тады Гасподзь сказаў Ісусу: падымі дзіду, якая ў руцэ тваёй, на Гай, бо Я аддам яго ў рукі твае. Ісус падняў дзіду ў руцэ ягонай на горад.
  19. Як толькі ён падняў руку сваю, засаднікі адразу ўсталі зь месца свайго і пабеглі, увайшлі ў горад і ўзялі яго і адразу запалілі горад агнём.
  20. Жыхары Гая, азірнуўшыся, убачылі, што дым з горада падымаецца да неба. І ня было ім месца, куды бегчы — ні туды, ні сюды; бо народ, які бег да пустыні, павярнуўся на перасьледнікаў.
  21. Ісус і ўвесь Ізраіль, убачыўшы, што засаднікі ўзялі горад, падымаўся дым ад горада, павярнуліся і пачалі біць жыхароў Гая;
  22. а тыя з горада выйшлі насустрач ім, так што Гайцы былі ўсярэдзіне паміж Ізраільцянамі, адны зь якіх былі з таго боку, а другія з другога; так білі іх, што не пакінулі ніводнага зь іх ацалелага альбо беглага;
  23. А цара Гайскага ўзялі жывога і прывялі яго да Ісуса.
  24. Калі Ізраільцяне перабілі ўсіх жыхароў Гая на полі, у пустыні, куды яны гналі іх, і калі ўсе яны да апошняга палеглі ад меча, тады ўсе Ізраільцяне вярнуліся да Гая і пабілі яго вастрыём меча.
  25. Загінуўшых у той дзень мужчын і жанчын, усіх жыхароў Гая, было дванаццаць тысяч.
  26. Ісус не апускаў рукі сваёй, якую падняў зь дзідай, пакуль не аддаў заклёну ўсіх жыхароў Гая;
  27. толькі быдла і задбычу горада гэтага Ізраільцяне падзялілі паміж сабою, паводле слова Госпада, якое сказаў Ісусу.
  28. І спаліў Ісус Гай і абярнуў яго ў вечныя руіны, у пустыню, да сёньня;
  29. а цара Гайскага павесіў на дрэве да вечара; а пасьля заходу сонца загадаў Ісус, і зьнялі труп яго з дрэва, і кінулі каля брамы гарадское, і накідалі над ім крушню каменьня, якая захавалася да сёньня.
  30. Тады Ісус зладзіў ахвярнік Госпаду Богу Ізраілеваму на гары Гевал,
  31. як наказаў Майсей, раб Гасподні, сынам Ізраілевым, пра што напісана ў кнізе закону Майсеевага, — ахвярнік з камянёў суцэльных, на якія не падымалі жалеза; і прынесьлі на ім цэласпаленьне Госпаду, і ўчынілі ахвяры мірныя.
  32. І напісаў Ісус на камянях там сьпіс з закона Майсеевага, які ён напісаў перад сынамі Ізраілевымі.
  33. Увесь Ізраіль, старэйшыны яго і наглядчыкі і судзьдзі ягоныя, сталі з таго і другога боку каўчэга насупраць сьвятароў лявітаў, якія носяць каўчэг запавета Гасподняга, як прыхадні, так і прыродныя жыхары, адна палавіна іх каля гары Гарызім, а другая палавіна каля гары Гевал, як раней загадаў Майсей, раб Гасподні, дабраслаўляць народ Ізраілеў:
  34. І потым прачытаў усе словы закона, дабраславеньне і праклён, як напісана ў кнізе закона;
  35. з усяго, што Майсей наказаў, ня было ніводнага слова, якога Ісус не прачытаў бы перад усім сходам Ізраіля і жанчынамі, і дзецьмі і прыхаднямі, якія былі сярод іх.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/06/08/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016