1. Пачуўшы гэта, Явін, цар Асорскі, паслаў да Ёвава, цара Мадонскага, і да цара Шымронскага, і да цара Ахсафскага,
  2. і да цароў, якія жылі на поўначы на гары і на раўніне з паўднёвага боку Хінэрота, і на нізкіх мясьцінах, і ў Нафот-Доры на захад,
  3. да Хананэяў, якія жылі на ўсход і да мора, да Амарэяў і Хэтэяў, да Фэрэзэяў і да Евусэяў, якія жылі на гары, і да Эвэяў, якія жылі каля Эрмона ў зямлі Масіфе.
  4. І выступілі яны і ўсё рушэньне іхняе зь імі шматлікі народ, які мноствам раўняўся пяску марскому на беразе; і коней і калясьніц было вельмі многа.
  5. І сабраліся ўсе цары гэтыя, і прыйшлі і разьмясьціліся табарам разам каля водаў Мэромскіх, каб зацяцца зь Ізраілем.
  6. Але Гасподзь сказаў Ісусу: ня бойся іх, бо заўтра, пад гэты самы час, Я аддам усіх на пабіваньне Ізраіля; а коням іхнім падрэж жылы і калясьніцы іхнія спалі агнём.
  7. Ісус і зь ім увесь народ, здольны ваяваць, неспадзявана выйшлі на іх да водаў Мэромскіх і напалі на іх.
  8. І аддаў іх Гасподзь у рукі Ізраільцянам, і пабілі яны іх, і гналіся за імі да Сідона вялікага і да Місрэфот-Маіма і да даліны Міцфы на ўсход, і перабілі іх, так што нікога зь іх не засталося, хто ацалеў бы.
  9. І абышоўся Ісус зь імі так, як сказаў яму Гасподзь: коням іх перарэзаў жылы і калясьніцы іхнія спаліў агнём.
  10. Тым самым часам Ісус, вярнуўшыся, узяў Асор і цара яго забіў мечам;
  11. і пабілі ўсё, што дыхала, што было ў ім, мечам, пракляўшы: не засталося ніводнай душы; а Асор спаліў ён агнём.
  12. І ўсе гарады цароў гэтых і ўсіх цароў іх узяў Ісус і пабіў мечам, пракляўшы іх, як загадаў Майсей, раб Гасподні;
  13. зрэшты, усе гарады, што ляжалі на ўзвышшы, не палілі Ізраільцяне, апрача аднаго Асора, які спаліў Ісус.
  14. А ўсю здабычу з гарадоў гэтых і быдла разрабавалі сыны Ізраілевыя сабе; а людзей усіх перабілі мечам, так што вынішчылі ўсіх іх: не пакінулі ніводнай душы.
  15. Як загадаў Гасподзь Майсею, рабу Свайму, так Майсей наказаў Ісусу, а Ісус так і зрабіў: не адступіўся ад ніводнага слова ва ўсім, што загадаў Гасподзь Майсею.
  16. Такім чынам Ісус узяў усю гэтую нагорную зямлю, усю зямлю паўднёвую, усю зямлю Гашэн і нізінныя мясьціны, і раўніну і гару Ізраілевую, і нізінныя мясьціны каля гары,
  17. ад гары Халак, якая прасьціраецца да Сэіра, да Ваал-Гада ў даліне Ліванскай, каля гары Эрмона, і ўсіх цароў іх узяў, пабіў іх і пазабіваў.
  18. Доўгі час Ісус вёў вайну з усімі гэтымі царамі.
  19. ня было горада, які заключыў бы мір з сынамі Ізраілевымі, апрача Эвэяў, жыхароў Гаваона: усё ўзялі яны вайною;
  20. бо ад Госпада было тое, што яны зжарсьцьвілі сэрца сваё і вайною сустракалі Ізраіля — дзеля таго, каб былі праклятыя і каб ня было ім літасьці, а каб зьнішчаны былі так, як загадаў Гасподзь Майсею.
  21. Тым самым часам прыйшоў Ісус і пабіў Энакімаў на гары, у Хэўроне, у Давіры, у Анаве, на ўсёй гары Юдавай і на ўсёй гары Ізраілевай; з гарадамі іхнімі аддаў іх Ісус праклёну;
  22. не засталося ніводнага з Энакімаў у зямлі сыноў Ізраілевых, засталіся толькі ў Газе, у Гэце і ў Азоце.
  23. Такім чынам узяў Ісус усю зямлю, як казаў Гасподзь Майсею, і аддаў яе Ісус Ізраільцянам, разьдзельна па плямёнах іхніх. І супакоілася зямля ад вайны.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/06/11/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017