1. Пасьля сьмерці Саўла, калі Давід вярнуўся ад разгрому Амалікіцянаў і прабыў у Сэкелагу два дні,
  2. вось, на трэці дзень прыходзіць чалавек з табара Саўлавага: вопратка на ім падраная і пыл на галаве ягонай. Прыйшоўшы да Давіда, ён упаў на зямлю і пакланіўся.
  3. І сказаў яму Давід: адкуль ты прыйшоў? І сказаў той: я ўцёк з табара Ізраільскага.
  4. І сказаў яму Давід: што адбылося? раскажы мне. І той сказаў: люд пабег зь бітвы, і мноства зь люду ўпала і памерла, і памерлі і Саўл і сын ягоны Ёнатан.
  5. І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: як ты ведаеш, што Саўл і сын яго Ёнатан памерлі?
  6. і сказаў хлопчык, які расказваў Яму: я выпадкова прыйшоў на гару Гэлвуйскую, і вось, Саўл упаў на сваю дзіду, а калясьніцы і верхаўцы даганялі яго.
  7. Тады ён азірнуўся назад і, угледзеўшы мяне, паклікаў мяне.
  8. І я сказаў: вось я. Ён сказаў мне: хто ты? І я сказаў яму: я — Амалікіцянін.
  9. Тады ён сказаў мне: падыдзі да мяне і забі мяне, бо скруха сьмяротная агарнула мяне, душа мая ўсё яшчэ ўва мне.
  10. І я падышоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жывы пасьля свайго падзеньня; і ўзяў я вянок, які быў на галаве ў яго, і запясьце, якое было на руцэ ў яго, і прынёс іх гаспадару майму сюды.
  11. Тады схапіў Давід вопратку сваю і падраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі зь ім,
  12. і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Ёнатана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, што загінулі яны ад меча.
  13. І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: адкуль ты? і сказаў той: я — сын прыхадня Амалікіцяніна.
  14. Тады Давід сказаў яму: як не пабаяўся ты падняць руку, каб забіць памазанца Гасподняга?
  15. І паклікаў Давід аднаго хлопчыка і сказаў яму: падыдзі, забі яго. І той забіў яго, і ён памёр.
  16. І сказаў яму Давід: кроў твая на галаве тваёй, бо твае вусны сьведчылі на цябе, калі ты казаў: я забіў памазанца Гасподняга.
  17. І аплакаў Давід Саўла і сына ягонага Ёнатана гэтаю плачнаю песьняю
  18. і загадаў навучыць сыноў Юдавых луку, як напісана ў кнізе праведнага, і сказаў:
  19. краса твая, о Ізраіле, разьбітая на вышынях тваіх! як загінулі моцныя!
  20. Не расказвайце ў Гэце, не абвяшчайце на вуліцах Аскалона, каб ня радаваліся дочкі Філістымлянаў, каб не весяліліся дочкі неабрэзаных.
  21. Горы Гэлвуйскія! ні раса, ні дождж на вас, хай ня будзе на вас палёў з пладамі, бо там павалены шчыт моцных, шчыт Саўла, як бы ня быў ён памазаны алеем.
  22. Бяз крыві параненых, бяз тлушчу моцных лук Ёнатана не вяртаўся назад, і меч Саўлаў не вяртаўся марна.
  23. Саўл і Ёнатан, любасныя і згодныя ў жыцьці сваім, не разлучыліся і ў сьмерці сваёй; імклівейшыя за арлоў, дужэйшыя за львоў яны былі.
  24. Дочкі Ізраільскія! плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру з акрасамі і здабываў на вопратку вашую залатыя аздобы.
  25. Як загінулі моцныя ў бітве! Забіты Ёнатан на вышынях тваіх.
  26. Смуткую па табе, браце мой Ёнатане; ты быў вельмі дарагі мне; любоў твая была мне вышэйшая за любоў жаночую.
  27. Як загінулі моцныя, загінула зброя баявая!

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/10/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016