1. Пасьля гэтага Давід разьбіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Давід Мэтэг-Гаама з рук Філістымлянаў.
  2. І разьбіў Маавіцянаў і зьмерыў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; і адмерыў дзьве вяроўкі на забіваньне, і адну вяроўку на пакіданьне жывым. І зрабіліся Маавіцяне ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну.
  3. І разьбіў Давід Адраазара, сына Рэховага, цара Суўскага, калі той ішоў, каб аднавіць сваё валадараньне каля ракі Еўфрат;
  4. і ўзяў Давід у яго тысячу сямсот вершнікаў і дваццаць тысяч чалавек пешых, і падрэзаў Давід жылы ва ўсіх коней калясьнічых, пакінуўшы зь іх на сто калясьніц.
  5. І прыйшлі Сірыйцы Дамаскія на дапамогу да Адраазара, цара Суўскага; але Давід разьбіў дваццаць дзьве тысячы чалавек Сірыйцаў.
  6. І паставіў Давід ахоўныя войскі ў Сірыі Дамаскай, і сталі Сірыйцы ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну. І захоўваў Гасподзь Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.
  7. І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім.
  8. А ў Бэце і ў Бэроце, гарадах Адраазаравых, узяў цар Давід вельмі многа медзі.
  9. І пачуў Той, цар Імата, што Давід разьбіў усё войска Адраазарава,
  10. і паслаў Той Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць яму за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і разьбіў яго; бо Адраазар вёў войны з Тоем. А ў руках у Ёрама быў посуд срэбны, залаты і медны.
  11. Іх таксама прысьвяціў цар Давід Госпаду, разам са срэбрам і золатам, якое прысьвяціў з адабранага ва ўсіх упакораных ім народаў:
  12. у Сірыйцаў і Маавіцянаў, і Аманіцянаў і Філістымлянаў і Амалікіцянаў, і з адабранага ў Адраазара, сына Рэхавага, цара Суўскага,
  13. І зрабіў Давід сабе імя, вяртаючыся з разгрому васямнаццаці тысяч Сірыйцаў у даліне Салёнай.
  14. І паставіў ён ахоўныя войскі ў Ідумэі; па ўсёй Ідумэі паставіў ахоўныя войскі, і ўсе Ідумэяне былі рабамі Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.
  15. І цараваў Давід над усім Ізраілем, і тварыў Давід суд і праўду над усім народам сваім.
  16. А Ёаў, сын Саруі, быў правадыром войска; і Ёсафат, сын Ахілудаў — дзеяпісальнікам;
  17. Садок, сын Ахітуваў, і Ахімэлэх, сын Авіятараў, — сьвятарамі, Сэрая — пісцом;
  18. і Ванэя, сын Ёдая — начальнікам над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, і сыны Давіда — першымі пры двары.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/10/08/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016