1. Наблізіўся час памерці Давіду, і запавядаў ён сыну свайму Саламону, кажучы:
  2. вось, я адыходжу ў дарогу ўсёй зямлі, а ты будзь цьвёрды і будзь мужны
  3. і захоўвай запавет Госпада Бога твайго, ходзячы шляхамі Ягонымі і трымаючыся статутаў Ягоных і запаведзяў Ягоных, і вызначэньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, як напісана ў законе Майсеевым, каб быў ты разумны ва ўсім, што будзеш рабіць, і ўсюды, куды зьвернешся;
  4. каб Гасподзь выканаў слова Сваё, якое Ён сказаў пра мяне, кажучы: калі сыны твае будуць сачыць за шляхамі сваімі, каб хадзіць прад Мною ў ісьціне ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, дык не перавядзецца муж ад цябе на троне Ізраілевым.
  5. Яшчэ: ты ведаеш, што зрабіў мне Ёаў, сын Саруін, як падступіўся ён з двума правадырамі войска Ізраільскага, з Авэнірам, сынам Ніравым, і Амэсаем, сынам Етэравым, як ён аддаў іх сьмерці і праліў кроў ваенную ў мірны час, забарвяніўшы крывёю ваеннаю пояс на сьцёгнах сваіх і абутак на нагах сваіх:
  6. учыні паводле мудрасьці тваёй, каб не адпусьціць сівізну ягоную мірна ў апраметную.
  7. А сынам Вэрзэлія Галаадыцяніна зрабі ласку, каб яны былі сярод едакоў твайго стала, бо яны прыйшлі да мяне, калі я ўцякаў ад Авэсалома, брата твайго.
  8. Вось яшчэ ў цябе Сэмэй, сын Геры Веньямініцяніна з Бахурыма: ён ліхасловіў мяне цяжкім ліхаслоўем, калі я ішоў у Маханаім; але ён выйшаў насустрач мне каля Ярдана, і я прысягнуў яму Госпадам, кажучы: я не заб'ю цябе мечам;
  9. А ты не пакінь яго без пакараньня, бо ты чалавек мудры і ведаеш, што табе зрабіць зь ім, каб зьвесьці сівізну ў крыві ў апраметную.
  10. І спачыў Давід з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давідавым.
  11. Часу валадараньня Давіда над Ізраілем было сорак гадоў: у Хэўроне цараваў ён сем гадоў і трыццаць тры гады цараваў у Ерусаліме.
  12. І сеў Саламон на троне Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае было вельмі моцнае.
  13. І прыйшоў Аданія, сын Агіты, да Вірсавіі, маці Саламона. Яна сказала: ці зь мірам прыход твой? І сказаў ён: зь мірам.
  14. І сказаў ён: у мяне ёсьць слова да цябе. Яна сказала: кажы.
  15. І сказаў ён: ты ведаеш, што царства належала мне, і ўвесь Ізраіль зьвяртаў да мяне вочы свае, як на будучага цара; але царства адышло ад мяне і дасталася брату майму, бо ад Госпада было гэта яму;
  16. цяпер я прашу ў цябе аднаго, не адмові мне. Яна сказала яму: кажы.
  17. І сказаў ён: прашу цябе, пагавары з царом Саламонам, бо ён не адмовіць табе, каб ён даў мне Авісагу Сунаміцянку за жонку.
  18. І сказала Вірсавія: добра, я пагавару з царом пра цябе.
  19. І ўвайшла Вірсавія да цара Саламона сказаць яму пра Аданію. Цар устаў перад ёю і пакланіўся ёй і сеў на троне сваім. Паставілі трон і для маці цара, і яна села праваруч ад яго
  20. і сказала: я маю да цябе адну невялікую просьбу, не адмові мне. І сказаў ёй цар: прасі, маці мая; я не адмоўлю табе.
  21. І сказала яна: дай Авісагу Сунаміцянку Аданію, брату твайму, за жонку.
  22. І адказваў цар Саламон і сказаў маці сваёй: а навошта ты просіш Авісагу Сунаміцянку для Аданіі? прасі яму і царства, бо ён мой старэйшы брат, і яму сьвятар Авіятар і Ёаў, сын Саруін.
  23. І прысягнуў цар Саламон Госпадам, кажучы: тое і тое хай зробіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі не на сваю душу сказаў Аданія такое слова;
  24. а сёньня — жывы Гасподзь, Які ўмацаваў мяне і пасадзіў на троне Давіда, бацькі майго, і заладзіў мне дом, як казаў Ён, — а сёньня Аданія павінен памерці.
  25. І паслаў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, які забіў яго, і ён памёр.
  26. А сьвятару Авіятару цар сказаў: ідзі ў Анатот на тваё поле; ты варты сьмерці, але цяперашнім часам я не аддам цябе сьмерці, бо ты насіў каўчэг Уладара Госпада перад Давідам, бацькам маім, і цярпеў усё, што цярпеў бацька мой.
  27. І вызваліў Саламон Авіятара ад сьвятарства Гасподняга, і спраўдзілася слова Гасподняе, якое сказаў Ён пра дом Ільлі ў Сіломе.
  28. Чуткі дайшлі да Ёава, — як што Ёаў схіляўся на бок Аданіі, а на бок Саламона ня схіляўся, — і ўцёк Ёаў у скінію Гасподнюю і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
  29. І данесьлі цару Саламону, што Ёаў уцёк у скінію Гасподнюю і што ён каля ахвярніка. І паслаў Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, кажучы: ідзі, забі яго.
  30. І прыйшоў Ванэя ў скінію Гасподнюю і сказаў яму: так сказаў цар: выходзь. І сказаў той: не, я хачу памерці тут. Ванэя перадаў гэта цару, кажучы: так сказаў Ёаў і так адказваў мне.
  31. Цар сказаў яму: зрабі, як ён сказаў, і забі яго і пахавай яго, і здымі нявінную кроў, пралітую Ёавам, зь мяне і з дома бацькі майго;
  32. хай аберне Гасподзь кроў ягоную на галаву яго за тое, што ён забіў двух мужоў невінаватых і лепшых за яго: забіў мечам, бязь ведама бацькі майго Давіда, Авэніра, сына Ніравага, ваеначальніка Ізраільскага, і Амэсая, сына Етэравага, ваеначальніка Юдэйскага;
  33. хай абернецца кроў іхняя на галаву Ёава і на і галаву нашчадкаў ягоных навекі, а Давіду і нашчадкам ягоным, і дому ягонаму і трону ягонаму хай будзе мір навекі ад Госпада!
  34. І пайшоў Ванэя, сын Ёдаеў, і забіў Ёава, і аддаў яго сьмерці, і ён быў пахаваны ў доме сваім у пустыні.
  35. І паставіў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, замест яго над войскам; а Садока сьвятара паставіў цар замест Авіятара.
  36. І паслаў цар паклікаць Сэмэя і сказаў яму: пабудуй сабе дом у Ерусаліме і жыві тут і нікуды ня выходзь адгэтуль;
  37. і ведай, што ў той дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш паток Кедрон, канечне памрэш; кроў твая будзе на галаве тваёй.
  38. І сказаў Сэмэй цару: добра; як загадаў гаспадар мой цар, так зробіць раб твой. І жыў Сэмэй у Ерусаліме доўгі час.
  39. Але праз тры гады здарылася, што ў Сэмэя два рабы ўцяклі да Анхуса, сына Маахі, цара Гэцкага. І сказалі Сэмэю, кажучы: вось, рабы твае ў Гэце.
  40. І ўстаў Сэмэй, і асядлаў асла свайго, і выправіўся ў Гэт да Анхуса шукаць рабоў сваіх. І вярнуўся Сэмэй і прывёў рабоў сваіх з Гэта.
  41. І данесьлі Саламону, што Сэмэй хадзіў зь Ерусаліма ў Гэт і вярнуўся.
  42. І паслаўшы, паклікаў цар Сэмэя і сказаў яму: ці не прысягаў я табе Госпадам і ці не абвяшчаў табе, кажучы: ведай, што ў той дзень, як ты выйдзеш і пойдзеш куды-небудзь, канечне памрэш? і ты сказаў мне: добра;
  43. чаму ж ты ня выканаў загаду, які я даў табе прад Госпадам з прысягаю?
  44. І сказаў цар Сэмэю: ты ведаеш і ведае сэрца тваё ўсё зло, якое ты зрабіў бацьку майму Давіду; хай жа аберне Гасподзь ліха тваё на галаву тваю!
  45. а цар Саламон хай будзе дабраславёны, і трон Давідаў хай будзе непахісны прад Госпадам вечна!
  46. І загадаў цар Ванэю, сыну Ёдаеваму, і ён пайшоў і забіў Сэмэя, і той памёр.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/11/02/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016