1. Нэеман, ваеначальнік цара Сірыйскага, быў вялікі чалавек у гаспадара свайго і паважаны, бо празь яго даў Гасподзь перамогу Сірыйцам; і чалавек гэты быў выдатны воін, але пракажоны.
  2. Сірыйцы аднойчы пайшлі атрадамі і ўзялі ў палон зь зямлі Ізраільскай маленькую дзяўчынку, і яна слугавала жонцы Нэеманавай.
  3. І сказала яна гаспадыні сваёй: о, калі б гаспадар мой пабываў у прарока, які ў Самарыі, дык ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!
  4. І пайшоў Нэеман і перадаў гэта гаспадару свайму, кажучы: так і так кажа дзяўчынка, якая зь зямлі Ізраільскай.
  5. І сказаў цар Сірыйскі Нэеману: ідзі, схадзі, а я пашлю ліст да цара Ізраільскага. Ён пайшоў і ўзяў з сабою дзесяць талантаў срэбра і шэсьць тысяч сікляў золата і дзесяць перамен вопраткі;
  6. і прынёс ліст цару Ізраільскаму, у якім было сказана: разам зь лістом гэтым, вось я пасылаю да цябе Нэемана, слугу майго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную.
  7. Цар Ізраільскі, прачытаўшы ліст, падраў вопратку на сабе і сказаў: хіба Я Бог, каб усьмерчваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? вось, цяпер ведайце і глядзеце, што ён шукае зачэпкі варагаваць супроць мяне.
  8. Калі пачуў Елісей, чалавек Божы, што цар Ізраільскі падраў вопратку на сабе, дык паслаў сказаць цару: навошта ты падраў вопратку на сабе? хай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраіле.
  9. І прыбыў Нэеман на конях сваіх і на калясьніцы сваёй і спыніўся каля ўваходу ў дом Елісееў.
  10. І выслаў да яго Елісей слугу сказаць: ідзі, абмыйся сем разоў у Ярдане, і абновіцца цела тваё ў цябе, і будзеш чысты.
  11. І разгневаўся Нэеман, і пайшоў, і сказаў: вось, я думаў, што ён выйдзе, стане, і пакліча імя Госпада Бога свайго, і пакладзе руку сваю на тое месца, і здыме праказу;
  12. хіба Авана і Фарфар, рэкі Дамаскія, ня лепшыя за ўсе воды Ізраільскія? хіба я ня мог бы абмыцца ў іх і ачысьціцца? І павярнуўся і пайшоў у гневе.
  13. І падышлі рабы ягоныя, і казалі яму, і сказалі: бацька мой, калі б што-небудзь важнае сказаў табе прарок, дык ці не зрабіў бы ты? а тым болей, калі ён сказаў табе толькі: абмыйся, і будзеш чысты.
  14. І пайшоў ён і акунуўся ў Ярдане сем разоў, па слове чалавека Божага, і абнавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і ачысьціўся.
  15. І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўсе, што суправаджалі яго, і прыйшоў, і стаў перад ім, і сказаў: вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, як у Ізраіля; дык вось прымі дарунак ад раба твайго.
  16. І сказаў ён: жывы Гасподзь, прад абліччам якога стаю! ня прыму. І той прымушаў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.
  17. І сказаў Нэеман: калі ўжо ня так, дык хай рабу твайму дадуць зямлі, колькі панясуць два кані, бо ня будзе больш раб твой прыносіць цэласпаленьні і ахвяры іншым багам, апрача Госпада;
  18. толькі вось у чым хай даруе Гасподзь рабу твайму: калі пойдзе гаспадар мой у дом Рымона на пакланеньне там і абапрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, дык, за маё пакланеньне ў доме Рымона, хай даруе Гасподзь рабу твайму ў гэтым выпадку.
  19. І сказаў яму: ідзі зь мірам. І ён адэехаў ад яго на недалёкую адлегласьць.
  20. І сказаў Гіезій, слуга Елісея, чалавека Божага: вось, гаспадар мой адмовіўся ўзяць у рукі Нэемана, гэтага Сірыйца, тое, што ён прыносіў. Жывы Гасподзь! пабягу я за ім і вазьму ў яго што-небудзь.
  21. І пагнаўся Гіезій за Нэеманам. І ўбачыў Нэеман, што бяжыць за ім, і сышоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: ці зь мірам?
  22. Той адказваў: зь мірам; гаспадар мой паслаў мяне сказаць: вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яфрэмавай двух маладых чалавекі з сыноў прарокавых; дай ім талант срэбра і дзьве перамены вопртакі.
  23. І сказаў Нэеман: вазьмі, бадай што, два таланты. І ўпрошваў яго. І завязаў ён два таланты срэбра ў два мяхі і дзьве перамены вопраткі і аддаў двум слугам сваім, і панесьлі перад ім.
  24. Калі ён прыйшоў да пагорка, дык узяў з рук іхніх і схаваў дома. І адпусьціў людзей, і яны пайшлі.
  25. Калі ён прыйшоў і зьявіўся да гаспадара свайго, Елісей сказаў яму: адкуль, Гіезій? І сказаў ён: нікуды не хадзіў раб твой.
  26. І сказаў ён яму: хіба сэрца маё не спадарожнічала табе, калі павярнуўся насустрач табе чалавек той з калясьніцы сваёй? ці час браць срэбра і браць вопратку, або масьлічныя дрэвы і вінаграднікі, і дробнае альбо буйное быдла, і рабоў альбо рабыняў?
  27. няхай жа праказа Нэеманавая прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх навек. І выйшаў ён ад яго белы ад праказы, як сьнег.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/12/05/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016