1. І гэтыя таксама прыйшлі да Давіда ў Сэкелаг, калі ён яшчэ хаваўся ад Саўла, сына Кісавага, і былі з адважнікаў, якія дапамагалі ў бітве.
  2. Узброеныя лукам, і тыя, што кідалі праваю і леваю рукою камяні і стралялі стрэламі з лука, — з братоў Саўла, ад Веньяміна:
  3. галоўны Ахіезэр, за ім Ёас, сыны Шэмаі, з Гівы; Езіел і Фэлэт, сыны Азмавэта: Бэраха і Егу з Анатота;
  4. Ішманія Гавааніцянін, адважнікі з трыццаці і начальнік над трыццацьцю; Ерамія, Яхазііл, Ёханан і Ёзавад з Гедэры;
  5. Элузай, Ерымот, Вэалія, Шэмарыя, Сафатыя Харытыянін;
  6. Элкана, Ішыяху, Азарыл, Ёэзэр і Ёшавам, Карэяне;
  7. і Ёэла і Зэвадыя сыны Ерахама, з Гэдора.
  8. І з Гадыцян перайшлі да Давіда ва ўмацаваньне, у пустыню людзі мужныя, ваяўнічыя, узброеныя шчытом і дзідай; твары ільвіныя — твары іхнія, і яны шпаркія, як сарны ў горах.
  9. Галоўны Эзэр, другі Авадыя, трэці Эліяў,
  10. чацьвёрты Мішмана, пяты Ерамія,
  11. шосты Атай, сёмы Эліел,
  12. восьмы Ёханан, дзявяты Элзавад,
  13. дзясяты Ерамія, адзінаццаты Махбанай.
  14. Яны з сыноў Гадавых узначальцы ў войску: меншы над сотняю, і большы над тысячаю.
  15. Вось яны перайшлі Ярдан у першы месяц, калі ён выступае зь берагоў сваіх, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсход і захад.
  16. Прыйшлі таксама і з сыноў Веньямінавых і Юдавых ва ўмацаваньне да Давіда.
  17. Давід выйшаў насустрач ім, і сказаў ім: калі зь мірам прыйшлі вы да мяне, каб дапамагаць мне, дык хай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб падступна перадаць мяне ворагам маім, тым часам як няма заганы на руках маіх, дык хай бачыць Бог бацькоў нашых і рассудзіць.
  18. І абняў дух Амасая, узначальцу трыццацёх, і сказаў ён: мір табе, Давідзе, і з табою, сыне Есэеў; мір табе і мір памочнікам тваім; бо памагае табе Бог твой. Тады прыняў іх Давід і паставіў на чале войска.
  19. І з племя Манасіінага перайшлі да Давіда, калі ён ішоў зь Філістымлянамі на вайну супроць Саўла, але не дапамагаў ім, бо ўзначальцы Філістымскія, параіўшыся, адаслалі яго, кажучы: на нашую галаву ён пяройдзе да гаспадара свайго Саўла.
  20. Калі ён вяртаўся ў Сэкелаг, тады перайшлі да яго з Манасіян: Аднах, Ёзавад, Едыяэл, Міхаіл, Ёзавад, Элігу і Цыльтай, тысячнікі ў Манасіян.
  21. І яны дапамагалі Давіду супроць полчышчаў, бо ўсе гэта былі людзі адважныя і былі правадыры ў войску.
  22. Так з кожным днём прыходзілі да Давіда на дапамогу да таго, што ягонае рушэньне зрабілася вялікае, як рушэньне Божае.
  23. Вось лічба галоўных у войску, якія прыйшлі да Давіда ў Хэўрон, каб перадаць яму царства Саўлавае, па слове Гасподнім:
  24. сыноў Юдавых, якія носяць шчыт і дзіду, было шэсьць тысяч васямсот гатовых да вайны;
  25. з сыноў Сімяонавых, людзей адважных, у войску было сем тысяч і сто;
  26. з сыноў Лявііных чатыры тысячы шасьцьсот;
  27. і Ёдай, князь ад племя Аарона, і зь ім тры тысячы сямсот;
  28. і Садок, мужны юнак, і род ягоны, дваццаць два начальнікі;
  29. з сыноў Веньямінавых, братоў Саўлавых, тры тысячы, — але яшчэ многія зь іх трымаліся дома Саўлавага;
  30. з сыноў Яфрэмавых дваццаць тысяч васямсот людзей мужных, людзей знакамітых у родах сваіх;
  31. з паўкалена Манасіінага васямнаццаць тысяч, якія выкліканы былі паіменна, каб пайсьці ўцараваць Давіда;
  32. з сыноў Ісахаравых людзі разумныя, якія ведалі, што калі належала рабіць Ізраілю, — іх было дзьвесьце галоўных, і ўсе браты іхнія трымаліся слова іхняга;
  33. з племя Завулонавага гатовых да бітвы, узброеных усякаю ваеннаю зброяй, пяцьдзясят тысяч, у страі, аднадушных;
  34. з племя Нэфталімавага тысяча правадыроў і зь імі трыццаць сем тысяч з шчытамі і дзідамі;
  35. з племя Данавага гатовых да вайны дваццаць восем тысяч шасьцьсот;
  36. ад Асіра воінаў, гатовых да бітвы, сорак тысяч;
  37. з-за Ярдана, ад племя Рувімавага, Гадавага, і паўплемя Манасіінага, сто дваццаць тысяч, з усялякай воінскай зброяй.
  38. Усе гэтыя воіны, у страі, ад шчырага сэрца прыйшлі ў Хэўрон уцараваць Давіда над усім Ізраілем. Ды і ўсе іншыя Ізраільцяне былі аднадушныя, каб паставіць царом Давіда.
  39. І прабылі там у Давіда тры дні, елі і пілі, бо браты іхнія прыгатавалі ім;
  40. ды і блізкія да іх, нават да племя Ісахаравага, Завулонавага і Нэфталімавага, прывозілі ўсё страўнае на аслах, і вярблюдах, і мулах, і валах: муку, смоквы і разынкі, і віно, і алей, і буйнога і дробнага быдла мноства, бо радасьць была Ізраілю.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/13/12/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016