1. Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў, і сорак гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Цыўя зь Вірсавіі.
  2. і рабіў Ёас заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсе дні Ёдая сьвятара.
  3. І ўзяў яму Ёдай дзьвюх жонак, і ён меў ад іх сыноў і дочак.
  4. І пасля гэтага прыйшло на сэрца Ёасу абнавіць дом Гасподні,
  5. і сабраў ён сьвятароў і лявітаў і сказаў ім: ідзеце па гарадах Юдэі і зьбірайце з усіх Ізраільцянаў срэбра на падтрыманьне дома Бога вашага год у год, і пасьпяшайцеся ў гэтай справе. Але не пасьпяшаліся лявіты.
  6. І паклікаў цар Ёдая, узначальца іхняга, і сказаў яму: чаму ты не патрабуеш ад лявітаў, каб яны дастаўлялі зь Юдэі і Ерусаліма даніну, устаноўленую Майсеем, рабом Гасподнім, і зьбіраньнем Ізраільцянаў для скініі сходу?
  7. Бо бязбожная Гатолія і сыны яе спустошылі дом Божы і ўсё прысьвечанае для дома Божага заўжылі для Ваалаў.
  8. І загадаў цар і зрабілі адну скрынку, і паставілі яе каля ўваходу ў дом Гасподні звонку.
  9. І абвясьцілі па Юдэі і Ерусаліме, каб прыносілі Госпаду даніну, накладзеную Майсеем, рабом Божым, і на Ізраільцянаў у пустыні.
  10. І ўзрадаваліся ўсе начальнікі і ўвесь народ, і прыносілі і клалі ў скрынку, пакуль яна не напоўнілася.
  11. У той час, калі прыносілі скрынку царскім чыноўнікам празь лявітаў, і калі яны бачылі, што срэбра многа, прыходзіў пісар цара і даверанік першасьвятара, і высыпалі са скрынкі, і адносілі яго і ставілі яе на сваё месца. Так рабілі яны дзень у дзень, і сабралі многа срэбра.
  12. і аддавалі яго цар і Ёдай тым, што вялі працу ў доме Гасподнім, і тыя наймалі каменячосаў і цесляў для паднаўленьня дома Гасподнага, таксама кавалёў і меднікаў для ўмацаваньня дома Гасподнага.
  13. І працавалі майстры работ, і зьдзейсьнілася папраўленьне рукамі іхнімі, і прывялі дом Божы да патрэбнага ладу, і ўмацавалі яго.
  14. І закончыўшы, яны прадставілі цару і Ёдаю рэшту срэбра. І зрабілі зь яго посуд для дома Гасподняга, посуд службовы і чары на цэласпаленьне і іншы посуд залаты і срэбраны. І прыносілі цэласпаленьні ў доме Гасподнім пастаянна ва ўсе дні Ёдая.
  15. І састарыўся Ёдай і насыціўшыся днямі жыцьця, памёр: сто трыццаць гадоў было яму, калі ён памёр.
  16. І пахавалі яго ў горадзе Давідавым з царамі, бо ён рабіў добрае ў Ізраілі і дзеля Бога і дзеля дома Яго.
  17. Але пасля сьмерці Ёдая прыйшлі князі Юдэйскія і пакланіліся цару, тады цар пачаў слухацца іх,
  18. І пакінулі дні Госпада Бога бацькоў сваіх і пачалі служыць дрэвам прысьвечаным і ідалам, — і быў гнеў Гасподні на Юду і Ерусалім за гэтую віну іхнюю.
  19. І Ён пасылаў да іх прарокаў дзеля навароту іх да Госпада, і яны ўмаўлялі іх, але тыя ня слухаліся.
  20. І Дух Божы ахінуў Захара, сына Ёдая сьвятара, і ён стаў на ўзвышэньні перад народам і сказаў ім: так кажа Гасподзь: навошта вы пераступаеце загады Гасподнія? Ня будзе посьпеху вам, і як вы пакінулі Госпада, так і Ён пакіне вас.
  21. І змовіліся супроць яго, і пабілі яго камянямі, па загадзе цара Ёаса, на двары дома Гасподняга.
  22. І ня ўспомніў цар Ёас дабрадзейства, якое зрабіў яму Ёдай, бацька ягоны, і забіў сына яго. І ён паміраючы казаў: хай бачыць Гасподзь і хай спагоніць.
  23. І праз год выступіла супроць яго войска Сірыйскае і ўвайшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, і зьнішчылі з народу ўсіх князёў народа, і ўсю здабычу ў іх адаслалі цару ў Дамаск.
  24. Хоць і ў невялікай колькасьці людзей прыходзіла войска Сірыйскае, але Гасподзь перадаў у руку іх вельмі шматлікую сілу за тое, што пакінулі Госпада Бога свайго. І над Ёасам учынілі яны суд,
  25. і калі яны пайшлі ад яго, пакінуўшы яго ў цяжкай хваробе, дык склалі супроць яго змову рабы ягоныя, за кроў сына Ёдая сьвятара, і забілі яго на пасьцелі, і ён памёр. І пахавалі яго ў доме Давідавым, але не пахавалі яго ў царскіх магільніцах.
  26. А змоўшчыкі супроць яго былі: Завад, сын Шымэаты Аманіцянкі, і Егазавад, сын Шымрыты Маавіцянкі.
  27. Пра сыноў яго і пра мноства прароцтваў супроць яго і пра ўладкаваньне дома Божага напісана ў кнізе цароў. І зацараваў Амасія, сын ягоны замест яго.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/14/24/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017