1. Тады цар Дарый даў загад, і шукалі ў Вавілоне ў кнігасховішчы, куды складвалі скарбы.
  2. І знойдзены ў Экбатане ў палацы, які ў вобласьці Мідыі, адзін сьвітак, і ў ім напісана так: Для памяці:
  3. у першы год цара Кіра, цар Кір даў загад пра дом Божы ў Ерусаліме: хай будуецца дом на тым месцы, дзе прыносяць ахвяры, і хай будзе пакладзены моцны падмурак пад яго; вышыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў, шырыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў;
  4. радоў з камянёў вялікіх тры, і рад з драўніны адзін; а выдаткі хай выдаюцца з царскага дома.
  5. Ды і посуд дома Божага, залаты і срэбны, які Навухаданосар вынес з храма Ерусалімскага і занёс у Вавілон, хай вернецца і пойдзе ў храм Ерусалімскі, кожны на месца сваё: і зьмешчаны будзе ў доме Божым.
  6. Дык вось, Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, і Шэтар-Бознай, з таварышамі вашымі Афарсахэямі, якія за ракою, — сыдзеце адтуль.
  7. Ня спыняйце працы пры гэтым доме Божым; хай Юдэйскі начальнік вобласьці і Юдэйскія старэйшыны будуюць гэты дом Божы на месцы яго.
  8. І ад мяне даецца загад пра тое, чым вы павінны садзейнічаць старэйшынам тым Юдэйскім у пабудове таго дома Божага, і: з маёмасьці царскай — з зарэціх падаткаў — без адкладу бярэце і давайце тым людзям, каб праца ня спынялася;
  9. і колькі трэба — хай тое цялят, альбо авечак і ягнят, на цэласпаленьні Богу нябеснаму, таксама пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары Ерусалімскія, хай выдаецца ім дзень у дзень без затрымкі,
  10. каб яны прыносілі ахвяру прыемную Богу нябеснаму і маліліся за жыцьцё цара і сыноў ягоных.
  11. А мною даецца загад, што калі які-небудзь чалавек зьменіць гэта вызначэньне, дык будзе вынята бервяно з дома ягонага і будзе падняты ён і прыбіты да яго, а дом яго за тое будзе ператвораны ў руіны.
  12. І Бог, імя Якога там жыве, хай скіне любога цара, які працягнуў бы руку сваю, каб зьмяніць гэта на шкоду гэтаму дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад: хай выконваецца ён дакладна.
  13. Тады Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, Шэтар-Бознай і таварышы іхнія, — як загадаў цар Дарый, так дакладна і рабілі.
  14. І старэйшыны Юдэйскія будавалі з посьпехам, паводле прароцтва Агея прарока і Захара, сына Ады. І пабудавалі і закончылі, па волі Бога Ізраілевага і па волі Кіра і Дарыя і Артаксэркса, цароў Персідскіх.
  15. І закончаны дом гэты да трэцяга дня месяца Адара, на шостым годзе валадараньня цара Дарыя.
  16. І ўчынілі сыны Ізраілевыя, сьвятары і лявіты і іншыя, што вярнуліся з палону, асьвячэньне гэтага дома Божага з радасьцю.
  17. І прынесьлі пры асьвячэньні гэтага дома Божага: сто валоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнят і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, па колькасьці плямёнаў Ізраілевых.
  18. І паставілі сьвятароў па аддзяленьнях іхніх, і лявітаў па чэргах іхніх на службу Божую ў Ерусаліме, як прадпісана ў кнізе Майсея.
  19. І ўчынілі вяртанцы з палону пасху на чатырнаццаты дзень першага месяца,
  20. бо ачысьціліся сьвятары і лявіты, — усе яны, як адзін, чыстыя; і закалолі ягнят пасхальных дзеля ўсіх, што вярнуліся з палону, дзеля братоў сваіх сьвятароў і дзеля сябе.
  21. І елі сыны Ізраілевыя, якія вярнуліся зь перасяленьня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нечысьціні народаў зямлі, каб прыйсьці да Госпада Бога Ізраілевага.
  22. І сьвяткавалі сьвята праснакоў сем дзён у радасьці, бо парадаваў іх Гасподзь і павярнуў да іх сэрца цара Асірыйскага, каб мацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве дома Госпада Бога Ізраілевага.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/15/06/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016