1. І было ў дні Артаксэркса, — гэты Артаксэркс валадарыў над ста дваццацьцю сямю вобласьцямі ад Індыі і да Эфіопіі,
  2. у той час, як цар Артаксэркс заступіў на царскі трон свой, што ў Сузах, горадзе сталічным,
  3. на трэцім годзе свайго валадараньня ён зладзіў гасьціну ўсім князям сваім і тым, што служылі пры ім, галоўным начальнікам войска Персідскага і Мідыйскага і кіраўнікам вобласьцяў сваіх,
  4. паказваючы вялікае багацьце царства свайго і выдатны бляск велічы сваёй шмат дзён, сто восемдзесят дзён.
  5. Пасьля заканчэньня гэтых дзён зрабіў цар народу свайму, які быў у сталічным горадзе Сузах, ад вялікага да малога, гасьціну сямідзённую на садовым двары дома царскага.
  6. Белая, баваўняная і яхантавага колеру шарсьцяная тканіна, прымацаваная вісоннымі і пурпуровымі шнурамі, вісела на срэбраных колцах і мармуровых слупах.
  7. Залатыя і срэбныя ложкі былі на памосьце, засланым камянямі зялёнага колеру і мармурам, і перламутрам і камянямі чорнага колеру.
  8. Напоі падаваліся ў залатым посудзе і ў посудзе разнастайным, цаною ў трыццаць тысяч талантаў; і віна царскага было багата, па багацьці цара. Пітво ішло мерна, ніхто не прымушаў, бо цар даў такі загад усім аканомам у доме ягоным, каб рабілі па волі кожнага.
  9. А царыца Астынь таксама зладзіла гасьціну жанчынам у царскім доме цара Артаксэркса.
  10. На сёмы дзень, калі разьвесялілася сэрца ў цара ад віна, ён сказаў Мэгуману, Бізту, Харбону і Авагту, Зэтару і Каркасу — сямі еўнухам, якія служылі перад абліччам цара Артаксэркса,
  11. каб яны прывялі царыцу Астынь перад аблічча цара, каб паказаць народам і князям прыгажосьць яе; бо яна была вельмі прыгожая.
  12. Але царыца Астынь не захацела прыйсьці па загадзе цара, абвешчаным празь еўнухаў.
  13. І разгневаўся цар моцна, і шаленства ягонае загарэлася ў ім. І сказаў цар мудрацам, якія памяталі ранейшыя часы, — бо дзеі цара чыніліся перад усімі, хто ведаў закон і права,
  14. прыбліжаныя да яго тады былі: Каршэна, Шэтар, Адмата, Тарсіс, Мэрэс, Марсэна, Мэмухан — сем князёў Персідскіх і Мідыйскіх, якія маглі бачыць твар цара і сядзелі першыя ў царстве:
  15. што зрабіць па законе з царыцаю Астынь за тое, што яна не зрабіла па слове цара Артаксэркса, абвешчаным празь еўнухаў?
  16. І сказаў Мамухан перад абліччам цара і князёў: не перад царом адным вінаватая царыца Астынь, а перад усімі князямі і перад усімі народамі, якія па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса;
  17. бо ўчынак царыцы дойдзе да ўсіх жонак, і яны будуць грэбаваць мужамі сваімі і казаць: цар Артаксэркс загадаў прывесьці царыцу Астынь перад аблічча сваё, а яна не пайшла.
  18. Цяпер княгіні Персідскія і Мідыйскія, якія пачуюць пра ўчынак царыцы, будуць тое самае казаць усім князям царовым; і пагарды і засмучэньня будзе ўдосыць.
  19. Калі заўгодзіцца цару, хай выйдзе ад яго царская пастанова і ўпішацца ў законы Персідскія і Мідыйскія і не адмяняецца, пра тое, што Астынь ня будзе ўваходзіць перад аблічча цара Артаксэркса, а царскую годнасьць яе цар перадасьць іншай, якая лепшая за яе.
  20. Калі пачуюць пра такую пастанову цара, якая разыдзецца па ўсім царстве ягоным, як яно ні вялікае, тады ўсе жонкі будуць шанаваць мужоў сваіх, ад вялікага да малога.
  21. І заўгоднае было слова гэта ў вачах цара і князёў; і зрабіў цар па слове Мэмухана
  22. і паслаў ва ўсе вобласьці цара лісты, пісаныя ў кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове яго, каб кожны муж быў гаспадаром у доме сваім, і каб гэта было абвешчана кожнаму на прыроднай мове ягонай.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/17/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016