1. І адказваў Ёў і сказаў:
  2. праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?
  3. Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.
  4. Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?
  5. Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;
  6. зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:
  7. скажа сонцу, — і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.
  8. Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;
  9. стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;
  10. робіць вялікае, непаддасьледнае і цудоўнае бясконца!
  11. Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.
  12. Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?
  13. Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.
  14. Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?
  15. Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.
  16. Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, — я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,
  17. Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,
  18. не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.
  19. Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?
  20. Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.
  21. Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.
  22. Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.
  23. Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.
  24. Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?
  25. Дні мае хутчэйшыя за ганца, — бягуць, ня бачаць дабра,
  26. імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.
  27. Калі сказаць мне: «забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся»,
  28. дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.
  29. Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?
  30. Хоць бы я абмыўся і сьнежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,
  31. дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.
  32. Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!
  33. Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.
  34. Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, —
  35. і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/18/09/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017