1. Абрыдла душы маёй жыцьцё маё: аддамся журбоце маёй; гаварыцьму ў гароце душы маёй.
  2. Скажу Богу: не вінаваці мяне; абвясьці мне, за што Ты са мною змагаешся?
  3. Ці добра Табе, што Ты прыгнятаеш, што пагарджаеш дзеяй рук Тваіх, а на раду бязбожных пасылаеш сьвятло?
  4. Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?
  5. Хіба дні Твае, як дні ў чалавека, альбо леты Твае, як дні ў мужчыны,
  6. што Ты шукаеш заганы ўва мне і дапытваешся грэху ўва мне,
  7. хоць ведаеш, што я не беззаконьнік, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Тваёй?
  8. Твае рукі працавалі над мною і ўтварылі ўсяго мяне цалкам, — і Ты губіш мяне?
  9. Успомні, што Ты, як гліну, урабіў мяне, і ў пыл ператвараеш мяне?
  10. Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як тварог, згусьціў мяне,
  11. скураю і плоцьцю апрануў мяне, косткамі і жыламі змацаваў мяне,
  12. жыцьцё і мілату падарыў мне, і клопат Твой ахоўваў дух мой?
  13. Але і тое хаваў Ты ў сэрцы Сваім, — ведаю, што гэта было ў Цябе, —
  14. што калі я зграшу, Ты заўважыш і не пакінеш грэху майго без пакараньня.
  15. Калі я вінаваты, гора мне! калі і мая праўда, дык не адважуся падняць галавы маёй. Я сыты прыніжэньнем; паглядзі на гора маё:
  16. яно павялічваецца. Ты гонішся за мною, як леў, і зноў нападаеш на мяне і дзівосным з'яўляешся мне.
  17. Выводзіш новых сьведкаў Тваіх супроць мяне; узмацняеш гнеў Твой на мяне; і беды, адны за аднымі, паўстаюць супроць мяне.
  18. І навошта Ты вывеў мяне з чэрава? хай бы я памёр, калі яшчэ нічыё вока ня бачыла мяне;
  19. хай бы я, як нябылы, з чэрава перанесены быў у магілу!
  20. Ці не кароткія дні мае? Пакінь, адступіся ад мяне, каб я крыху падбадзёрыўся,
  21. перш чым адыду, — і ўжо не вярнуся, — у край цемры і ценю сьмяротнага,
  22. у край змроку, які ёсьць змрок ценю сьмяротнага, дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/18/10/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017