1. І адказваў Валдад Саўхэянін і сказаў:
  2. калі ж пакладзяце вы канец такім гаворкам? абдумайце і пасьля будзем гаварыць.
  3. Навошта лічыцца нам жывёламі і быць прыніжанымі ў вачах вашых?
  4. О ты, хто разьдзірае душу тваю ў гневе тваім? Няўжо дзеля цябе апусьцець зямлі, і скале зрушыцца зь месца свайго?
  5. Так, сьвятло ў беззаконнага патухне, і не застанецца іскры ад агню ягонага.
  6. Зацьміцца сьвятло ў намёце ягоным, і сьвяцільня ягоная патухне над ім.
  7. Скароцяцца крокі магутнасьці ягонай, і скіне яго ўласны намысел ягоны,
  8. бо ён улезе ў сетку сваімі нагамі і па нератах хадзіць будзе.
  9. Пятля зашмаргне нагу ягоную, і грабежнік зловіць яго.
  10. Непрыкметна раскладзены на зямлі сілкі на яго і пасткі на дарозе.
  11. З усіх бакоў будуць палохаць яго жахі і прымушаць яго кідацца туды і сюды.
  12. Зьмізарнее ад голаду сіла яго, і пагібель гатовая збоку ў яго.
  13. Зьесьць чэлесы цела ягонага, зьесьць чэлесы ягоныя першынец сьмерці.
  14. Выгнана будзе з намёта ягонага надзея ягоная, і гэта апусьціць яго да цара жахаў.
  15. Паселяцца ў намёце ягоным, бо ён ужо не ягоны; жытло ягонае будзе пасыпана серкаю.
  16. Зьнізу падсохнуць карані ягоныя, і зьверху завянуць галіны ягоныя.
  17. Памяць пра яго зьнікне зь зямлі, і імя ягонага ня будзе на плошчы.
  18. Прагоняць яго зь сьвятла ў цемру і сатруць яго з улоньня зямлі.
  19. Ні сына ягонага, ні ўнука ня будзе ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў сялібах ягоных.
  20. Днём ягоным зжахнуцца нашчадкі, і сучаснікі будуць агорнуты трымценьнем.
  21. Такія жытлішчы ў беззаконнага, і такое месца ў таго, хто ня ведае Бога.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/18/18/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017