1. Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць.
  2. Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь.
  3. Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным.
  4. Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей.
  5. Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём.
  6. Камяні яе — месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата.
  7. Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна;
  8. не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал.
  9. На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы;
  10. у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае;
  11. спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло.
  12. Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму?
  13. Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых.
  14. Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне.
  15. Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра.
  16. Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам;
  17. не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата.
  18. А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны.
  19. Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна.
  20. Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму?
  21. Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена.
  22. Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе.
  23. Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе.
  24. Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам.
  25. Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры,
  26. калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай,
  27. тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе
  28. і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха — розум.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/18/28/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017