1. І гаварыў далей Ёў слова сваё і сказаў:
  2. о, калі б я быў, як у ранейшыя месяцы, як у тыя дні, калі Бог асланяў мяне,
  3. калі сьвяцільня Ягоная сьвяціла над галавою маёю, і я пры сьвятле Ягоным хадзіў у цемры;
  4. як быў я ў дні маладосьці маёй, калі ласка Божая была над намётам маім,
  5. калі яшчэ ўсеўладны быў са мною, і дзеці мае вакол мяне,
  6. калі шляхі мае абмываліся малаком і скала крынічыла мне ручаі алею!
  7. Калі я выходзіў да брамы горада і на плошчы ставіў седзішча сваё,
  8. хлопцы, убачыўшы мяне, хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі;
  9. князі ўстрымліваліся ад прамовы і пальцы клалі на вусны свае;
  10. голас знакамітых змаўкаў, і язык у іх прыліпаў да паднябеньн.я іхняга.
  11. Вуха, якое чула мяне, улешчвала мяне; вока, якое бачыла, хваліла мяне,
  12. бо я ратаваў пакутніка, які енчыў, і сірату бездапаможнага.
  13. Дабраславеньне таго, хто гінуў, прыходзіла на мяне, і сэрцу ўдавы прыносіў я радасьць.
  14. Я апрануўся ў праўду, і суд мой апранаў мяне як мантыя і турбан.
  15. Я быў вачыма сьляпому і нагамі кульгаваму;
  16. бацькам быў я ўбогім і цяжбіну, якое я ня ведаў, разьбіраў уважліва.
  17. Крышыў я беззаконнаму сківіцы і з зубоў ягоных вырываў крадзенае.
  18. І казаў я: у гнязьдзе маім сканаю, і дзён маіх будзе многа, як пяску;
  19. корань мой адкрыты вадзе, і раса начуе на вецьці маім;
  20. слава мая ня старыцца, лук мой моцны ў руцэ маёй.
  21. Уважалі мне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй.
  22. Пасьля слоў маіх ужо не разважалі; мова мая капала на іх.
  23. Чакалі мяне, як дажджу, і, як дажджу позьняму, разьзяўлялі вусны свае.
  24. Бывала, усьміхнуся ім, — яны ня вераць; і сьвятла твару майго яны не азмрочвалі.
  25. Я назначаў шляхі ім і сядзеў на чале і жыў як цар у коле вояў, як суцешнік заплаканых.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/18/29/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016