1. Дык вось, слухай, Ёў, словы мае і ўважай усім словам маім.
  2. Вось, я адкрываю вусны мае, язык мой гаворыць у гартані маёй.
  3. Словы мае ад шчырасьці майго сэрца, і вусны мае вымавяць веданьне чыстае.
  4. Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне ‹сеўладнага дало мне жыцьцё.
  5. Калі можаш, адказвай мне і стань перад мною.
  6. Вось я, па жаданьні тваім, замест Бога. Я створаны таксама з гразі;
  7. таму страх перад мною ня можа зьбянтэжыць мяне, і рука мая ня будзе цяжкая табе.
  8. Ты гаварыў у вушы мае, і я чуў гук слоў:
  9. «чысты я, без пахібы, нявінны я і няма ўва мне няпраўды;
  10. а Ён знайшоў абвінавачаньне супроць мяне і лічыць мяне Сваім супраціўцам;
  11. закаваў ногі мае ў калодкі, сочыць за ўсімі шляхамі маімі».
  12. Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, таму што Бог вышэйшы за чалавека.
  13. Навошта табе спаборнічаць зь Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае.
  14. Бог гаворыць адзін раз, і калі таго не заўважаць, другі раз:
  15. у сьне, у начных відзежах, калі сон находзіць на людзей, у час дрымоты на ложку.
  16. Тады ён адкрывае ў чалавека вуха і ўкладвае Сваё настаўленьне,
  17. каб адвесьці чалавека ад якой-небудзь задумы і адвесьці ад яго пыху,
  18. каб адвесьці душу ягоную ад прорвы і жыцьцё ягонае ад паразы мечам.
  19. Альбо ён наводзіцца на розум хваробаю на ложку сваім і моцным болем ва ўсіх касьцях сваіх, —
  20. і жыцьцё ягонае адварочваецца ад хлеба і душа ягоная ад смачнай яму ежы.
  21. Плоць на ім прападае, так што яе ня відаць, і паказваюцца косьці ягоныя, якіх ня было відаць.
  22. І душа ягоная набліжаецца да магілы і жыцьцё ягонае — да сьмерці.
  23. Калі ёсьць у яго анёл-настаўнік адзін з тысячы, каб паказаць чалавеку простую дарогу ягоную, —
  24. Бог умілажаліцца зь яго і скажа: вызвалі яго ад магілы; Я знайшоў умілажаленьне.
  25. Тады цела ягонае зробіцца сьвяжэйшае, чым у маладосьці; ён вернецца ў дні маладосьці сваёй.
  26. Будзе маліцца Богу, і Ён — літасьцівы да яго; з радасьцю глядзіць на твар ягоны і вяртае чалавеку праведнасьць ягоную.
  27. Ён будзе глядзець на людзей і казаць: «грашыў я і перакручваў праўду, і не адплачана мне;
  28. Ён вызваліў душу маю ад магілы, і жыцьцё маё бачыць сьвятло».
  29. Вось, усё гэта робіць Бог два-тры разы з чалавекам,
  30. каб адвесьці душу ягоную ад магілы і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.
  31. Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гаварыць.
  32. Калі маеш сказаць што, адказвай; кажы, бо Я хацеў бы твайго апраўданьня;
  33. а калі не, дык слухай мяне, і я навучу цябе мудрасьці.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/18/33/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017