1. І гаварыў далей Эліуй і сказаў:
  2. пачакай мяне крыху, і я пакажу табе, што я маю яшчэ што сказаць за Бога.
  3. Пачну мае разважаньні здалёку і аддам справядлівасьць Садзецелю майму,
  4. бо словы мае сапраўды не мана: перад табою — дасканалы ў пазнаньні.
  5. Вось, Бог магутны і не пагарджае моцнага сілаю сэрца;
  6. Ён не падтрымлівае бязбожных і аддае належнае прыгнечаным;
  7. Ён не адварочвае вачэй Сваіх ад праведнікаў, а з царамі назаўсёды садзіць іх на троне, і яны ўзвышаюцца.
  8. Калі ж яны закаваныя ў ланцугі і трымаюцца ў аковах гароты,
  9. дык Ён паказвае ім на дзеі іхнія і на беззаконьні іхнія, бо яны памножыліся,
  10. і адчыняе ім вуха дзеля настаўленьня на розум і кажа ім, каб яны адхінуліся ад бязбожнасьці.
  11. Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, дык правядуць дні свае ў дабрадзенстве і гады свае ў радасьці;
  12. калі ж не паслухаюцца, дык загінуць ад стралы і памруць у неразумстве.
  13. А крывадушнікі пестуюць у сэрцы гнеў і не заклікаюць Яго, калі Ён замыкае іх у ковы;
  14. таму і душа іхняя памірае ў маладосьці і жыцьцё іхняе з блуднікамі.
  15. Ён ратуе беднага ад бяды ягонай і ва ўціску адчыняе вуха яму.
  16. І цябе вывеў бы Ён зь цясноцьця на прастору, дзе няма сьціску, і тое, што пастаўляецца на стол твой, было б напоўнена тлушчам;
  17. але ты перапоўнены думкамі бязбожных: меркаваньні іх і асуда — блізкія.
  18. Хай не пакарае цябе гнеў Божы караю! Вялікі выкуп ня выратуе цябе.
  19. Ці дасьць Ён якую цану твайму багацьцю? Не, — ні золату і ніякаму скарбу.
  20. Не жадай той ночы, калі народы вынішчаюцца на месцы сваім.
  21. Сьцеражыся, ня схіляйся да бязбожнасьці, якую ты паставіў над пакутаю.
  22. Бог высокі магутнасьцю Сваёю, і хто такі, як Ён, настаўнік?
  23. Хто пакажа Яму шлях Ягоны: хто можа сказаць: Ты робіш несправядліва?
  24. Памятай пра тое, каб узвышаць дзеі Ягоныя, якія людзі бачаць.
  25. Усе людзі могуць бачыць іх, чалавек можа бачыць іх здалёк.
  26. Вось, Бог вялікі, і мы ня можам спазнаць Яго; лік гадоў Ягоных недасьледны.
  27. Ён забірае кроплі вады; яны ў мностве выліваюцца дажджом:
  28. з хмараў капаюць і выліваюцца зьлівай на людзей.
  29. Хто можа таксама спасьцігнуць прыцягненьне воблакаў, трэск намёта Ягонага?
  30. Вось, Ён распасьцірае над ім сьвятло Сваё і пакрывае дно мора.
  31. Адтуль Ён судзіць народы, дае багата ежы.
  32. Ён трымае ў далонях Сваіх маланку і загадвае ёй, каго біць.
  33. Трэск яе дае знак пра яе; жывёлы таксама адчуваюць, што адбываецца.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/18/36/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017