1. І адказваў Гасподзь Ёву з буры і сказаў:
  2. аперажы, як мужчына, сьцёгны свае: Я буду пытацца ў цябе, а ты адказвай Мне.
  3. Ты хочаш скінуць суд Мой, зьвінаваціць Мяне, каб апраўдацца?
  4. Ці такая ў цябе сіла, як у Бога? І ці можаш загрымець голасам, як Ён?
  5. Упрыгож сябе велічнасьцю і славаю, апраніся ў бляск і велікапышнасьць;
  6. вылі лютасьць гневу твайго, паглядзі на ўсё ганарлівае і ўпакоры яго;
  7. зірні на ўсіх напышлівых і прынізі іх, і зьнішчы бязбожных на месцах іхніх;
  8. закапай іх усіх у зямлю і твары іхнія накрый цемраю.
  9. Тады і Я прызнаю, што правіца твая можа цябе ратаваць.
  10. Вось бегемот, якога Я стварыў, як і цябе; ён есьць траву, як вол;
  11. вось, яго сіла ў сьцёгнах ягоных і моц ягоная ў мускулах чэрава ягонага;
  12. паварочвае хвастом сваім, як кедрам; а жылы на клубах яго пераплеценыя;
  13. ногі ў яго, як медныя трубы; косткі ў яго, як жалезныя пруткі;
  14. гэта — верх шляхоў Божых: толькі Творца яго можа наблізіць да яго меч Свой;
  15. горы прыносяць яму ежу, і там усе зьвяры польныя гуляюць;
  16. ён кладзецца пад зацішнымі дрэвамі, пад дахам трысьнягу і ў балотах;
  17. зацішныя дрэвы пакрываюць яго сваім ценем; вербы каля ручаёў абступаюць яго;
  18. вось, ён п'е з рукі і не сьпяшаецца; застаецца спакойны, хоць бы Ярдан памкнуўся да вуснаў ягоных.
  19. Ці возьме хто яго ў вачах ягоных і ці праколе яму нос бусаком?
  20. Ці можаш ты вудаю выцягнуць левіятана і вяроўкаю схапіць за язык ягоны?
  21. ці ўкладзеш колца ў ноздры яго? ці праколеш іголкаю сківіцу ягоную?
  22. ці будзе ён доўга ўпрошваць цябе і ці будзе гаварыць з табою коратка?
  23. ці зробіць ён дагавор з табою, і ці возьмеш яго сабе назаўсёды ў рабы?
  24. ці будзеш бавіцца ім, як птушкаю, і ці зьвяжаш яго як дзяўчатак тваіх?
  25. ці будуць прадаваць яго таварышы па лоўлі, ці падзеляць яго паміж Хананэйскімі купцамі?
  26. ці можаш прапароць скуру яго дзідаю і галаву ягоную рыбацкаю астрогаю?
  27. Кладзі на яго руку тваю і памятай пра барацьбу; больш ня будзеш.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/18/40/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016