1. Песьня-плач, якую Давід сьпяваў Госпаду ў справе Хуса, з племя Веньямінавага.
  2. Госпадзе Божа мой! на Цябе спадзяваньне маё; уратуй мяне ад усіх маіх ганіцеляў, і вызвалі мяне;
  3. хай ня вырве ён душы маёй, быццам леў, які турзае, калі збаўцы няма.
  4. Госпадзе Божа мой! калі што я зрабіў, калі ёсьць няпраўда ў руках маіх,
  5. калі я ліхам плаціў таму, хто быў у згодзе са мною, — а я ж ратаваў і таго, хто бяз прычыны стаўся маім ворагам,
  6. дык няхай вораг перасьледуе душу маю і дагоніць, і жыцьцё маё хай удратуе ў зямлю, і славу маю хай аберне ў нішто.
  7. Устань, Госпадзе, у гневе Тваім; паўстань супраць шаленства маіх ворагаў, прачніся дзеля мяне на суд, які Ты прызначыў,
  8. сьціжма людзей стане навокал Цябе; над ёй падыміся ў вышыні.
  9. Гасподзь судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле праўды маёй, паводле беспахібнасьці маёй.
  10. Хай суймецца злосьць бязбожных, а справядлівага ўмацуй, бо Ты выпрабоўваеш сэрца й нутрыну, праведны Божа!
  11. Шчыт мой у Богу, Які шчырых сэрцам ратуе.
  12. Бог — судзьдзя справядлівы і Бог — кожны дзень спаганяе сурова,
  13. калі хто не навяртаецца, Ён вострыць Свой меч, напінае Свой лук і цаляе зь яго;
  14. рыхтуе яму прылады сьмерці, і вагністымі робіць стрэлы Свае.
  15. Вось напраўду зачаў бязбожны, зацяжарыў крыўдаю і ману сабе спарадзіў,
  16. капаў дол і выкапаў яго, і ўпаў у яму, якую выкапаў:
  17. абернецца злосьць ягоная на ягоную галаву, і зладзейства ягонае на цела ягонае ападзе.
  18. Слаўлю Госпада па праўдзе Ягонай і сьпяваю імю Госпада Ўсявышняга.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/07/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016