1. бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных.
  2. Хэт Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, — Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці,
  3. каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою.
  4. Тэт Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае.
  5. Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх.
  6. Ёд Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, — усе народы, што забываюць Бога,
  7. Каф бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне.
  8. Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім.
  9. Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны.
  10. Ламэд Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі?
  11. Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі.
  12. Мэм Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае.
  13. Нун Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; «не спагоніць»; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога!
  14. Аін У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва;
  15. і кажа ў сэрцы сваім: «не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха».
  16. Пэ Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба.
  17. Цадэ Сядзіць у засадзе ў задвор'і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным;
  18. у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае,
  19. згінаецца, прыпадае, — і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя;
  20. кажа ў сэрцы сваім: «забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі».
  21. Каф Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных.
  22. Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты не спагоніш?»
  23. Рэш Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік.
  24. Шын Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху.
  25. Гасподзь — цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай.
  26. Тав Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё,
  27. каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/10/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016