1. Залатая песьня Давідава. Барані мяне, Божа; бо я на Цябе спадзяюся.
  2. Я сказаў Госпаду: Ты Гасподзь мой; даброты мае Табе не патрэбныя.
  3. Да сьвятых на зямлі і да дзівосных Тваіх — да іх уся зычлівасьць мая.
  4. Хай памножацца смуткі ў тых, што цякуць да бога чужога; я ня вылью крывавых ахвяраў іхніх, і не спамяну іх імёнаў вуснамі маімі.
  5. Гасподзь — частка спадчыны маёй і чары маёй. Ты трымаеш долю маю.
  6. Межы мае прайшлі па цудоўных мясьцінах, і спадчына мая мне прыемная.
  7. Дабраслаўлю Госпада, Які навучыў мяне; нават і ноччу ўшчувае мяне нутрына мая.
  8. Заўсёды перад сабою я Госпада бачыў, бо Ён праваруч мяне; не пахіснуся.
  9. Таму ўзрадавалася сэрца маё; і ўзьвесяліўся мой язык; нават і цела маё супакоіцца ў спадзяваньні;
  10. бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць тленьне.
  11. Ты пакажаш мне шлях жыцьцёвы: паўната радасьці прад абліччам Тваім, шчасьце ў правіцы Тваёй навечна.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/16/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017