1. Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў:
  2. палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая!
  3. Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог — скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой.
  4. Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся.
  5. Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне;
  6. ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
  7. У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага.
  8. Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог;
  9. падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго.
  10. Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок — пад нагамі ў Яго.
  11. І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру.
  12. І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных.
  13. Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае.
  14. І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле.
  15. Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх.
  16. І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго.
  17. Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў,
  18. уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне.
  19. Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю.
  20. Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне.
  21. Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне;
  22. бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім;
  23. бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся.
  24. Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць,
  25. і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі.
  26. Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым — шчыры,
  27. з чыстым — чысты, а з хітрым — паводле хітрыны ягонай.
  28. Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш.
  29. Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю.
  30. З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур.
  31. Бог! — Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца.
  32. Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?
  33. Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях,
  34. робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне;
  35. вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны.
  36. Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
  37. Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае.
  38. Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх;
  39. пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае,
  40. бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі;
  41. ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне:
  42. яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада — але Ён ня слухае іх;
  43. я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх.
  44. Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне;
  45. па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною.
  46. Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх.
  47. Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго.
  48. Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы,
  49. і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў.
  50. За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму;
  51. таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/18/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016