1. Псальма Давідава пры абнаўленьні дома.
  2. Услаўлю Цябе, Госпадзе, што Ты падняў мяне і ня даў маім ворагам перамагчы мяне.
  3. Госпадзе Божа мой! я паклікаў Цябе, і Ты мяне вылечыў.
  4. Госпадзе! Ты вывеў зь пекла душу маю і ажывіў мяне, каб я ня сышоў у магілу.
  5. Сьпявайце Госпаду, сьвятыя Ягоныя, слаўце памяць сьвятыні Ягонай,
  6. бо на хвіліну гнеў Ягоны, на ўсё жыцьцё ўпадабаньне Ягонае: увечары пачынаецца плач, а на раніцу — радасьць.
  7. І я казаў у дабрадзействе маім: «не пахіснуся вавек».
  8. Па ўпадабаньні Тваім, Госпадзе,Ты ўмацаваў гару маю; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я сумеўся:
  9. Тады Цябе, Госпадзе, я клікаў, і Госпада майго я маліў:
  10. «якая карысьць у крыві маёй, калі я сыду ў магілу? ці ж будзе тло маё Цябе славіць? ці будзе ўзьвяшчаць Тваю праўду?
  11. пачуй, Госпадзе, і памілуй мяне, Госпадзе! будзь мне памочнікам».
  12. І Ты скаргі мае абярнуў у радасьць, вярэту маю зьняў зь мяне і аперазаў мяне весялосьцю,
  13. хай славіць Цябе душа мая і хай не змаўкае. Госпадзе Божа мой! буду славіць Цябе вечна.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/30/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016