1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава.
  2. На Цябе, Госпадзе, надзея мая, хай сораму вавек ня мецьму; па праўдзе Тваёй збаві мяне;
  3. прыхілі да мяне вуха Тваё, пасьпяшайся збавіць мяне. Будзь мне каменнаю цьвярдыняю, прыстанішчам, каб уратаваць мяне,
  4. бо Ты каменная гара мая і агароджа мая; дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.
  5. Выведзі мяне зь сеткі, якую тайна раскінулі на мяне; бо Ты цьвярдыня мая.
  6. У Тваю руку аддаю дух мой; Ты выбаўляў мяне, Госпадзе, Божа праўды.
  7. Ненавіджу шаноўцаў марных ідалаў; а на Госпада надзея мая.
  8. Буду радавацца і весяліцца ў міласьці Тваёй, бо Ты прыгледзеўся да бедства майго, уведаў гора душы маёй,
  9. і не перадаў мяне ў рукі ворагаў; паставіў ногі мае на прасторным месцы.
  10. Умілажалься зь мяне, Госпадзе, бо мне цесна; высахла з гора вока маё, душа мая і нутроба мая.
  11. Вычарпалася ў скрусе жыцьцё маё і леты мае ў стагнотах; зьнемагла ад грахоў маіх сіла мая, і высахлі косткі мае.
  12. Ад усіх маіх ворагаў стаўся я кляцьбою нават у суседзяў маіх і страшыдлам знаёмым маім; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае.
  13. Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я — як посуд разьбіты,
  14. бо чую ліхаслоўе многіх; адусюль жудасьць, калі яны змаўляюцца супраць мяне, намышляюць вырваць душу маю.
  15. А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; я кажу: Ты мой Бог.
  16. У Тваёй руцэ дні мае; вызваль мяне ад рукі маіх ворагаў і ад тых, што гоняць мяне.
  17. Пакажы сьветлае аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне літасьцю Тваёю.
  18. Госпадзе! хай ня будзе мне сораму, што я Цябе заклікаю; а бязбожным хай будзе брыдка, хай прападуць у пекле.
  19. Хай зьнямеюць вусны аблудныя, што гідоту гавораць на праведнага з пыхаю і пагардаю.
  20. Як многа ў Цябе дабротаў, якія Ты прыхаваў тым, што баяцца Цябе, і якія Ты падрыхтаваў тым, што на Цябе спадзяюцца перад сынамі чалавечымі!
  21. Ты хаваеш іх пад аслонай аблічча Твайго ад людзкіх бунтаў; хаваеш іх у зацішку ад ліхіх языкоў.
  22. Дабраславёны Гасподзь, што ўчыніў мне дзівосны Свой мілажаль ва ўмацаваным горадзе!
  23. У сумненьні маім я думаў: адхілены я ад вачэй Тваіх; але Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я паклікаў Цябе.
  24. Любеце Госпада, усе праведнікі Ягоныя; Гасподзь ахоўвае верных, а пагарднікам зь лішкам вяртае.
  25. Будзьце мужныя, і хай мацуецца сэрца ваша, усе, хто надзею на Госпада мае!

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/31/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016