1. Псальма Давідава. Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне;
  2. вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне;
  3. агалі меч, і заступі дарогу тым, што гоняць мяне; скажы душы маёй: Я — ратунак твой!
  4. Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю, хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду мне намышляе;
  5. хай будуць яны, як пыл на ветры, і анёл Гасподні хай праганяе іх.
  6. Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх,
  7. бо яны бязь віны схавалі мне яму — сетку сваю; выкапалі яе на бязьвінную душу маю!
  8. Хай спадзе на яго пагібель нянаджаная, і сетка ягоная, якую ён схаваў на мяне, хай яго самога і ўловіць; хай у яе і ўпадзе на пропадзь сваю.
  9. А душа мая зарадуецца ў Госпадзе; усьцешыцца збавеньнем ад Яго.
  10. Усе косткі мае скажуць: «Госпадзе! хто да Цябе падобны? Ты ратуеш слабога ад дужага, беднага і ўбогага ад зьдзірцы ягонага?»
  11. Паўсталі на мяне сьведкі няправедныя: чаго я ня ведаю, — выпытваюць у мяне;
  12. плацяць мне злом за дабро, сіроцтвам душы маёй.
  13. А як былі хварэлі яны, я апранаўся ў вярэту, душу маю таміў пастом, і малітва мая вярталася ў нетру маю.
  14. Я рабіў, быццам сябру, як брату майму; я хадзіў смутны, панурыўшы голаў, як бы аплакваючы маці.
  15. А калі я спатыкаўся, яны радаваліся і зьбіраліся; зьбіраліся агуднікі супроць мяне, ня ведаю завошта, ганілі мяне, і не пераставалі;
  16. з крывадушнымі пакепнікамі скрыгаталі на мяне зубамі сваімі.
  17. Госпадзе! ці доўга будзеш глядзець на гэта? Адвядзі душу маю ад злачынстваў іхніх, ад ільвоў — самотную душу маю!
  18. Я праслаўлю Цябе на сходзе вялікім, сярод процьмы народу ўсхвалю Цябе,
  19. каб не збыткавалі зь мяне тыя, што ваявалі супроць мяне несправядліва, і не перамігваліся вачыма тыя, што ненавідзяць мяне бязьвіннага;
  20. бо не за мір прамаўляюць яны, а супроць мірных на землях плятуць аблудныя намыслы;
  21. разьзьяўляюць на мяне вусны свае; кажуць: «добра! добра! бачыла наша вока».
  22. Ты бачыў, Госпадзе, не змаўчы; Госпадзе! не аддаляйся ад мяне.
  23. Устань, прачніся на суд мой, на цяжбіну маю, Божа мой і Госпадзе мой!
  24. Судзі мяне па праўдзе Тваёй, Госпадзе, Божа мой, і хай ня радуюцца яны празь мяне;
  25. хай ня кажуць у сэрцы сваім: «добра! добра!, нам да душы!» Хай ня кажуць: «мы праглынулі яго».
  26. Няхай пасаромяцца і паганьбуюцца ўсе, хто радуецца зь няшчасьця майго; хай убяруцца ў сорам і ганьбу, хай фанабэрацца над мною.
  27. Няхай радуюцца і весяляцца, хто маёй слушнасьці прагне, і няхай кажуць заўсёды: «хай праславіцца Гасподзь, Які зычыць міру рабу Свайму!»
  28. І язык мой будзе абвяшчаць Тваю праўду і хвалу Табе дзень у дзень.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/35/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016