1. Псальма Давідава. Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым,
  2. бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць.
  3. Спадзявайся на Госпада і рабі дабро; жыві на зямлі і праўды трымайся.
  4. Суцяшайся Госпадам, і Ён спраўдзіць жаданьні сэрца твайго.
  5. Госпаду перадай дарогу тваю, і на яго спадзявайся, і Ён зробіць,
  6. і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць тваю, як полудзень.
  7. Скарыся Госпаду і на Яго спадзявайся. Не зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку хітрамыснаму.
  8. Перастань гневацца і пакінь запальчывасьць; ня імкніся рабіць благое,
  9. бо хто робіць благое, будзе зьнішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе.
  10. Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго.
  11. А пакорныя зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца спакоем вялікім.
  12. Бязбожны зло намышляе супроць праведніка і скрыгоча на яго зубамі сваімі;
  13. а Гасподзь пасьміхаецца зь яго; бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.
  14. Бязбожныя вымаюць меч і напінаюць лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб зваліць тых, у каго дарога простая:
  15. меч іхні ўвойдзе ў іхняе сэрца, і лукі іхнія паламаюцца.
  16. Лепш — малое ў праведніка, чым багацьце — у многіх бязбожнікаў,
  17. бо зламаюцца плечы ў бязбожных, а праведных сіліць Гасподзь!
  18. Гасподзь ведае дні беззаганных і дастатак іхні застаецца навечна.
  19. Ня будуць яны пасаромлены ў люты час, і ў дні голаду сытыя будуць;
  20. а бязбожныя загінуць, і ворагі Гасподнія, як авечы лой, зьнікнуць, у дыме зьнікнуць.
  21. Пазычае бязбожны — і не аддае, а праведны ўмілажальваецца і дае,
  22. бо ўміласлаўленыя Ім — зямлю ўспадкуюць, а праклятыя Ім — будуць вынішчаны.
  23. Ад Госпада крокі чалавека пабожнага ставяцца моцна, і Ён дабраволіць дарозе ягонай:
  24. калі ён будзе падаць, не ўпадзе, бо Гасподзь падтрымлівае яго за руку.
  25. Я быў малады і састарыўся, а ня бачыў праведніка пакінутага, і нашчадкаў яго, каб хлеба прасілі:
  26. ён кожны дзень шкадуе і пазычае, і нашчадкам ягоным — дабраславеньне будзе.
  27. Ухіляйся ад благога, і рабі дабро, і жыць будзеш вечна:
  28. бо і Гасподзь любіць праўду, і не пакідае богабаязных Сваіх; навек ацалёныя будуць яны; а насеньне бязбожных вынішчыцца.
  29. Праведныя ўспадкуюць зямлю, і будуць жыць на ёй вечна.
  30. Вусны праведніка мудрасьць маўляюць, і язык ягоны вымаўляе праўду.
  31. Закон Божы ў сэрцы ў яго; не пахіснуцца ногі ягоныя.
  32. Бязбожны падглядвае праведніка і спрабуе забіць яго;
  33. але Гасподзь не аддасьць яго ў рукі ягоныя, і ня дасьць зьвінаваціць яго, калі яго будуць судзіць.
  34. Спадзявайся на Госпада, і трымайся дарогі Ягонай: і Ён падыме цябе, каб ты зямлю ўспадкаваў; і калі будуць зьнішчаць бязбожных, ты ўбачыш.
  35. Бачыў я бязбожніка грознага, які разгаліноўваўся, нібы самарослае расахатае дрэва;
  36. але ён прайшоў, і вось, няма яго; шукаю яго і не знаходжу.
  37. Назірай за беспахібным і дзівіся на праведнага; бо чалавеку міралюбнаму — будучыня;
  38. а беззаконьнікі ўсе вынішчацца; будучыня беззаконьнікаў зьнікне.
  39. Ад Госпада выратаваньне праведнікам, Ён — абарона ім у часіны жальбы:
  40. і дапаможа ім Гасподзь і вызваліць іх; выбавіць іх ад бязбожных і ўратуе іх, бо яны на Яго надзею кладуць.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/37/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017