1. Псальма Давідава. На ўспамін пра суботу.
  2. Госпадзе! ня выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не карай мяне ў гневе Тваім,
  3. бо стрэлы Твае ўпіліся ў мяне і рука Твая мяне ацяжае.
  4. Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма спакою ў костках маіх ад грахоў маіх.
  5. бо злачынствы мае вышэй галавы, як вялікі цяжар, зьнясілілі мяне,
  6. сьмярдзяць, гнаяцца раны мае ад безгалоўя майго.
  7. Я сагнуты і панураны ўвесь, цэлы дзень бядуючы хаджу;
  8. бо сьцёгны мае паліць вагонь, і няма цэлага месца ў целе маім.
  9. Я змогся і зьнясіліўся цяжка; крычу ад пакуты сэрца майго.
  10. Госпадзе! прад Табою ўсе жаданьні мае, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае.
  11. Сэрца маё трымціць; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх — і таго няма ў мяне.
  12. Сябры мае і прыяцелі адступіліся ад няшчасьця майго, і блізкія мае далёка стаяць.
  13. Цянёты паставілі тыя, хто пільнуе душу маю, і хто прагне мне ліха, пра пагібель маю гавораць, і намышляюць штодзень мне благое;
  14. а я, як глухі, ня чую, і як нямко, што вуснаў сваіх не растуляе;
  15. і стаў я, як чалавек, што ня чуе і ня мае ў вуснах сваіх адказу,
  16. бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся я; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа мой.
  17. І сказаў я: няхай не падымуцца нада мною мае ворагі; калі дрыжыць нага мая, хай ня ўзносяцца яны нада мною.
  18. Я да ўпадку гатовы, і скруха мая заўжды перада мною.
  19. Беззаконьне сваё я ўсьведамляю; і ўбольваюся ў грэху маім.
  20. А мае ворагі жывуць і мацуюцца, і памнажаюцца тыя, што ненавідзяць мяне, невінаватага;
  21. і тыя, што плацяць мне злом за дабро, ваююць супроць мяне, бо я за добрым іду.
  22. Не пакінь мяне, Госпадзе Божа мой! не адыходзь ад мяне;
  23. пасьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе, Збаўца мой!

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/38/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016