1. Песьня. Псальма. Сыноў Карэевых. Кіроўцу хору на Махалат, для сьпяваньня. Вучэньне Этана Эзрахіта.
  2. Госпадзе, Божа ратунку майго! удзень лямантую і ўначы прад Табою.
  3. Хай дойдзе малітва мая прад аблічча Тваё; нахілі вуха Тваё да маленьня майго.
  4. Бо душа мая насыцілася немарасьцямі, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай.
  5. Я дараўнаўся да тых, што ў магілу сыходзяць; я стаў, як чалавек бязь сілы,
  6. паміж мёртвымі кінуты, — як забітыя, што ляжаць у магіле, пра якіх Ты больш не ўспамінаеш і якія ад рукі Тваёй адкінутыя.
  7. Ты паклаў мяне ў дол апраметны, у морак, у бездань.
  8. Легла на мяне лютасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі Ты пабіў мяне.
  9. Ты адвёў ад мяне знаёмых маіх, зрабіў мяне агідным для іх; я ўвязьнены і не магу выйсьці.
  10. Вока маё ад гароты стамілася; цэлы дзень я клікаў Цябе, Госпадзе; працягваў рукі свае да Цябе.
  11. Хіба над мёртвымі ўчыніш Ты цуд? Хіба мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе?
  12. Альбо ў магіле будзе абвяшчацца ласка Твая, і праўда Твая — у месцы тленьня?
  13. Хіба ж у мораку спазнаюцца дзівосы Твае, і ў зямлі забыцьця — праўда Твая?
  14. але я Цябе, Госпадзе, клічу, і рана раніцай малітва мая сустракае Цябе.
  15. Навошта, Госпадзе, адкідаеш душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?
  16. Я няшчасны і парахнею зь дзяцінства; нясу жахі Твае, і зьнемагаю.
  17. Над мною прайшла лютасьць Твая; страхоцьці Твае зламалі мяне,
  18. кожны дзень абступаюць мяне, як вада: аблягаюць мяне ўсе разам.
  19. Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага; знаёмых маіх ня відаць.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/88/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016