1. Малітва Майсея, чалавека Божага.
  2. Госпадзе! Ты нам прыстанішча з роду ў род.
  3. Перш чым нарадзіліся горы, і Ты стварыў зямлю і сусьвет, і ад веку да веку Ты — Бог.
  4. Ты вяртаеш чалавека ў тло, і кажаш: вярнецеся, сыны чалавечыя!
  5. Бо прад вачыма Тваімі тысяча гадоў, як дзень учарашні, калі ён прыйшоў, як варта начная.
  6. Ты быццам паводкаю зносіш іх; яны — як сон, як трава, што раніцаю вырастае, раніцаю цьвіце і зелянее, увечары вяне і сохне;
  7. бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, і ад лютасьці Тваёй мы разгубленыя.
  8. Ты паклаў прад Сабою правіны нашыя і нашы тайноты ў сьвятло аблічча Твайго.
  9. Усе дні нашыя прайшлі ў гневе Тваім; мы трацім гады нашыя, нібы гук.
  10. Дзён гадоў нашых — семдзесят гадоў; а пры большай моцы восемдзесят гадоў; а самая лепшая іх пара — праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім.
  11. Хто ведае сілу гневу Твайго, і лютасьць Тваю па меры страху Твайго?
  12. Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць.
  13. Павярніся, Госпадзе! Дакуль? Умілажалься з рабоў Тваіх,
  14. раніцай насыці нас міласэрнасьцю Тваёю, і мы будзем радавацца і весяліцца ўсе дні нашыя.
  15. Разьвесялі нас за дні, калі Ты пабіваў нас, за леты, калі мы бачылі нягоды.
  16. Хай выявіцца на рабах Тваіх дзея Твая, і на сынах іхніх — слава Твая;
  17. і хай будзе добрая воля Госпада Бога нашага на нас, і ў дзеях рук нашых пасабляй нам, у дзеях рук нашых пасабляй.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/90/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016