1. Пахвальная песьня Давідава. Хто жыве пад аслонаю Ўсявышняга, той пакоіцца ў засені Ўсемагутнага,
  2. кажа Госпаду: прыстанішча мне і Заступніку мой, Божа мой, на Цябе спадзяюся!
  3. Ён цябе вызваліць зь сетак лаўца, ад пагібельнай пошасьці;
  4. пер'ем Сваім Ён цябе ўзасьціць, і пад крыльлем ягоным убясьпечышся; шчыт і аслона — ісьціна Ягоная.
  5. Не збаішся страху начнога, ні стралы, што ўдзень пралятае,
  6. ні пошасьці, што ў цемры ходзіць, ані пошасьці, што нішчыць апоўдні.
  7. Упадзе тысяча побач з табою, і дзесяць тысяч праваруч ад цябе; але да цябе не наблізіцца:
  8. толькі глядзецьмеш вачыма тваімі і ўбачыш помсту бязбожнікам.
  9. Бо сказаў Ты: Гасподзь — надзея мая; Усявышняга выбраў ты прыстанішчам тваім;
  10. ліха цябе не спаткае, і пошасьць жытла твайго не зачэпіць;
  11. бо анёлам Сваім наказвае пра цябе — ахоўваць цябе на ўсіх дарогах тваіх,
  12. і на руках цябе панясуць, каб не спатыкнуўся ты аб камень нагою тваёю;
  13. на асьпіда і васіліска наступіш і патопчаш ільва і дракона.
  14. «За тое, што ён палюбіў Мяне, уратую яго; абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.
  15. Пакліча Мяне і пачую яго: зь ім Я ў жалобе, вызвалю яго, і праслаўлю яго;
  16. даўжынёю дзён напоўню яго, і пакажу яму выратаваньне Маё».

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/19/91/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016