Першае пасланьне да Карынфянаў, разьдзел 16

А зьбіраючы для сьвятых, рабеце так, як я ўстанавіў у цэрквах Галятыйскіх;

у першы дзень тыдня кожны з вас хай адкладвае ў сябе і ашчаджае, колькі дазваляе яму дастатак, каб не рабіць збораў, калі я прыйду.

А як прыйду, дык, каго вы выбераце, тых пашлю зь пісьмамі, каб даставілі ваш дар у Ерусалім.

А калі і мне прыстойна будзе выправіцца, дык яны са мною пойдуць.

Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду цераз Македонію.

А ў вас, можа стацца, пажыву, або і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.

Бо я не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходзь, а спадзяюся прабыць у вас колькі часу, калі Гасподзь дазволіць.

А ў Эфэсе я прабуду да Пяцідзясятніцы,

бо мне адчынены вялікія і шырокія дзьверы, і праціўнікаў многа.

Калі ж прыйдзе да вас Цімафей, глядзеце, каб ён быў у вас убясьпечаны; бо ён чыніць справу Гасподнюю, як і я.

Таму хай ніхто ім не пагардзіць, а праводзьце яго зь мірам, каб ён прыйшоў да мяне; бо я чакаю яго з братамі.

А што да брата Апалоса, я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не хацеў ісьці сёньня, а прыйдзе, калі яму будзе спорна.

Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужныя, цьвёрдыя;

усё ў вас няхай будзе зь любоўю.

Прашу вас, браты, вы ведаеце, сямейства Сьцяпанавае, што яно ёсьць пачатак Ахаіі, і што яны прысьвяцілі сябе служэньню сьвятым;

будзьце ж і вы пачцівыя да такіх і да кожнага, хто пасабляе і працуе.

Я рады прыходу Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка: яны бо адшкадавалі мне вашу адсутнасьць,

бо яны мой і ваш дух супакоілі. Шануйце такіх.

Вітаюць вас цэрквы Асійскія; вітаюць вас рупліва ў Госпадзе Акіла і Прыскіла з хатняю іхняю царквою.

Вітаюць вас, усе браты. Вітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем.

Маё Паўлава вітаньне сваёю рукою.

Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафэма; маранафа.

Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі,

і любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амін.