1. Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.
  2. Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;
  3. засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;
  4. прастадушным даць кемнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць;
  5. паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;
  6. каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.
  7. Пачатак мудрасьці — страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
  8. Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:
  9. бо гэта — прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.
  10. Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.
  11. Калі будуць казаць: «ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,
  12. жывых праглынем іх, як апраметная, і — цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;
  13. набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;
  14. далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас»:
  15. Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
  16. бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.
  17. На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;
  18. а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.
  19. Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.
  20. Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,
  21. на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:
  22. «Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?
  23. паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.
  24. Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;
  25. і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:
  26. за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;
  27. калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.
  28. Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.
  29. За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,
  30. не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;
  31. за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.
  32. Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.
  33. А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха».

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/20/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016