1. Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё;
  2. бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе.
  3. Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго:
  4. і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей.
  5. Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой.
  6. На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае.
  7. Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха;
  8. Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім.
  9. Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;
  10. і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном.
  11. Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя;
  12. бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму.
  13. Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум!
  14. Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата.
  15. Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю.
  16. Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава;
  17. шляхі яе — шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе — мірныя.
  18. Яна — дрэва жыцьця тым, што называюць яе, — і шчасныя тыя, што маюць яе!
  19. Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам;
  20. Яго мудрасьцю адчыніліся бездані, і воблакі кропяць расою.
  21. Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне і разважлівасьць:
  22. і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй.
  23. Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца.
  24. Калі ляжаш спаць, ня будзеш баяцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе.
  25. Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе;
  26. бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі.
  27. Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта.
  28. Не кажы сябру твайму: «ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам», калі маеш з сабою.
  29. Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з табою.
  30. Не сварыся з чалавекам бяз прычыны, калі ён не зрабіў табе благога.
  31. Не зайздросьці посьпехам гвалтаўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя,
  32. бо Гасподзь грэбуе тым, хто распусны, а справядлівага даверам Сваім адарае.
  33. Праклён Гасподні на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе.
  34. Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату.
  35. Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі — ганьбу.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/20/03/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016