1. Сыне мой! слухай мудрасьці маёй і нахілі вуха тваё да навукі маёй,
  2. каб датрымацца добрае рады і каб вусны твае хвалілі спазнанае.
  3. Бо мёд цячэ з вуснаў чужое жонкі, і мякчэйшая за алей гаворка ў яе;
  4. але весьнік яе горкі, нібы палын, востры, як меч двусечны,
  5. ногі яе сыходзяць да сьмерці, ступакі яе дастаюць да апраметнай.
  6. Каб ты не спасьцігнуў сьцежкі жыцьця яе, дарогі яе нясталыя, і ты ня зьведаеш іх.
  7. Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і не адступайцеся ад словаў вуснаў маіх.
  8. Далей ад яе ідзі па дарозе тваёй і не падыходзь пад дзьверы дома яе,
  9. каб здароўя твайго не аддаў іншым і гадоў тваіх бязьлітасьніку;
  10. каб не насычаліся сілаю тваёю чужынцы і праца твая ня ішла ў чужы дом.
  11. І ты ўрэшце будзеш стагнаць, калі плоць твая і цела зьнямогуцца,
  12. і скажаш: «навошта я ненавідзеў навуку, і сэрца маё асьцярогамі пагарджала,
  13. і я ня слухаў голасу настаўнікаў маіх, не нахіляў вуха майго да настаўнікаў?
  14. Ледзь ня ўпаў я ў вялікае ліха сярод сходу і грамады!»
  15. Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні.
  16. Хай не разьліваюцца крыніцы твае па вуліцы, патокі водаў — па плошчах;
  17. хай яны будуць належаць табе самому, а ня чужым з табою.
  18. Крыніца твая хай дабраславёная будзе; і радуйся з жанчынай тваёй маладосьці,
  19. любаснаю касуляю і прыгожаю сарнаю; грудзі яе хай упояць цябе ў кожны час; каханьнем яе цешся заўсёды.
  20. І навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцаю і абдымаць грудзі чужое?
  21. Бо перад вачыма Госпада ўсе шляхі чалавека, і Ён прастуе ўсе сьцежкі яго.
  22. Беззаконнага ловяць уласныя беззаконьні яго, і путамі грэху свайго ён павязаны.
  23. Ён памірацьме без настаўленьня і ў вялікай сваёй неразумнасьці наблукаецца.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/20/05/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017