1. Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.
  2. Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.
  3. Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада.
  4. Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны.
  5. Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца.
  6. Многія дагаджаюць заможным; і кожны — сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў.
  7. Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма.
  8. Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро.
  9. Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.
  10. Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі.
  11. Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная — паблажлівым да неразважлівых учынкаў.
  12. Гнеў цара — як рык ільва, а ласка ягоная — як раса на траву.
  13. Неразумны сын — пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка — сьцёкавая рына.
  14. Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, а разумная жонка — ад Госпада.
  15. Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць.
  16. Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае — загіне.
  17. Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае.
  18. Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным.
  19. Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго.
  20. Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым.
  21. Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам.
  22. Радасьць чалавеку — дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы.
  23. Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго.
  24. Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх.
  25. Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне.
  26. Хто бацьку руйнуе і выганяе маці — сын бессаромны і ганебны.
  27. Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму.
  28. Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду.
  29. На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары — на цела дурных.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/20/19/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016