1. Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што той дзень народзіць.
  2. Хай цябе хваліць іншы, а ня вусны твае, — чужы, а не язык твой.
  3. Цяжкі камень, важкі і пясок; але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
  4. Жорсткі гнеў, неўтаймавальная лютасьць; але хто ўстоіць супроць зайздрасьці?
  5. Лепей адкрыты дакор, чым прыхаваная любоў.
  6. Шчырыя дакоры ад таго, хто любіць, і ілжывыя пацалункі ў таго, хто ненавідзіць.
  7. Сытая душа топча і соты, а галоднай душы ўсё горкае — салодкае.
  8. Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так і чалавек, які пакінуў месца сваё.
  9. Масьць і дымленьне радуюць сэрца; так салодкі кожнаму сябар з сардэчнай ранай сваёй.
  10. Не пакідай сябра твайго і сябра бацькі твайго, і ў дом брата твайго ня ідзі ў дзень няшчасьця твайго: лепей сусед блізка, чым брат далёка.
  11. Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё; і я мецьму што адказаць ліхаслоўцу майму.
  12. Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад і прымаюць кару.
  13. Вазьмі ў яго адзежу ягоную, бо ён паручыўся за чужога; і за чужога вазьмі ў яго заклад.
  14. Хто ўголас хваліць сябра свайго з самай раніцы, таго палічаць за ліхаслоўца.
  15. Бясконцы капеж у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — роўныя;
  16. хто хоча схаваць яе, той хоча ўтрымаць вецер і схапіць алей у руку сваю.
  17. Жалеза жалеза вострыць, і чалавек навастрае позірк сябра свайго.
  18. Хто даглядае смакоўніцу, той будзе есьці плады зь яе; і хто верна служыць гаспадару свайму, той будзе ў пашане.
  19. Як у вадзе твар — да твару, так сэрца чалавека — да чалавека.
  20. Апраметная і Авадон — ненасытныя; ненасытныя і вочы чалавечыя.
  21. Што плавільня — срэбру, горан — золату, тое чалавеку вусны, якія хваляць яго.
  22. Таўчы неразумнага ў ступе таўкачом разам зь зернем, не адлушчыцца ад яго глупства ягонае.
  23. Добра сачы за быдлам тваім, май клопат за статкі;
  24. бо багацьце не навекі, ды і ўлада іхняя хіба з роду ў род?
  25. Рунее трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць горныя травы.
  26. Авечкі — на вопратку табе, і казлы — на закуп поля.
  27. І годзе казінага малака на ежу табе, на ежу хатнім тваім і на спажытак служанкам тваім.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/20/27/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016