1. І сказаў я ў сэрцы маім: «Ану ж бо праверу цябе я радасьцю, і нацешуся дабром»; але ж гэта — марнота!
  2. Пра сьмех я сказаў: «Недарэчнасьць!», а пра радасьць: «Што яна дасьць?»
  3. Намысьліў я ў сэрцы маім падбадзёрваць віном маё цела і, тым часам як сэрца маё кіравацьмецца мудрасьцю, ня цурацца і дурасьці, пакуль не пабачу, што добра сынам чалавечым, што маюць яны рабіць пад небам за кароткія дні свайго веку.
  4. Учыніў я вялікія дзеі: дамы я сабе збудаваў, насадзіў сабе вінаграднікі;
  5. завёў сабе сады і гаі, насадзіў у іх розных пладовых дрэў;
  6. нарабіў сабе сажалак, каб паліваць зь іх гаі, у якіх дрэвы растуць;
  7. наняў сабе слуг і служанак, і дамачадцы былі ў мяне; а таксама буйной і дробнай худобы было ў мяне болей, чым ва ўсіх, што жылі да мяне ў Ерусаліме;
  8. сабраў сабе срэбра і золата й скарбаў каштоўных ад цароў і правінцый; завёў у сябе сьпевакоў і сьпявачак і асалоду сыноў чалавечых — мноства жонак і наложніц.
  9. І ўзьвялічыўся я і ўзбагацеў над усімі, што жылі да мяне ў Ерусаліме; і мудрасьць мая засталася пры мне.
  10. І нічога, чаго вочы мае ні прагнулі, я ім не адмовіў; ад ніводнае радасьці сэрца майго ня ўхіліў, бо сэрца маё суцяшалася кожнаю працай маёю; і гэта было маёй доляй ва ўсіх маіх працах.
  11. І калі я зірнуў на ўсе дзеі мае, якія ўчыняў я сваімі рукамі, на працу, якую рабіў я: і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і ніякай карысьці пад сонцам.
  12. Пастанавіў я сабе пабачыць і мудрасьць, шаленства і дурасьць. Бо што зробіць пасьля цара чалавек звыш таго, што зроблена ўжо?
  13. І ўбачыў я, што мудрасьць пераважае над дурасьцю так, як сьвятло над цемраю.
  14. У мудрага вочы яго — у галаве яго, а бязглузды ходзіць у цемры. І даведаўся я таксама, што аднолькавая спаткае ўсіх доля.
  15. І сказаў я ў сэрцы маім: «? мяне спасьцігне такая самая доля, як і дурнога: навошта ж я надта мудры зрабіўся?» І сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта — марнасьць.
  16. Бо мудрага помніць ня будуць вечна, як і дурнога; у днях наступных забудзецца ўсё, і памірае мудры гэтаксама, як і бязглузды.
  17. І зьненавідзеў жыцьцё я: бо апрыкралі мне ўсе ўчынкі, якія пад сонцам зьдзяйсьняюцца; бо ўсё — пустая марнасьць і пагоня за ветрам!
  18. І зьненавідзеў усю маю працу, якую рабіў я пад сонцам; бо мушу пакінуць яе чалавеку, які прыйдзе пасьля мяне.
  19. І хто ведае: мудры ён будзе альбо дурны? А валодаць ён будзе ўсёй працай маёю, якую рабіў я і ў якой паказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта — марнасьць!
  20. І спаняверыўся я і ўмаўляў маё сэрца адцурацца ад працы ўсяе, якую рабіў я пад сонцам:
  21. Бо бывае такі чалавек, які ў працы і мудры, і ўдзельны, і плённы, а павінен пакінуць усё чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта — марнасьць і вялікае ліха!
  22. Бо што будзе мець чалавек ад працы сваёй і клопату сэрца свайго, якімі мазоліцца ён пад сонцам?
  23. Бо ўсе яго дні — пакуты, і праца ягоная — смутак; нават і ўночы сэрца яго спакою ня мае. І гэта — марнасьць!
  24. Няма чалавеку ўлады над тою даброцьцю, каб есьці і піць і каб душа мела радасьць ад працы ягонай. Я ўбачыў: і гэта — з рук Божых.
  25. Бо хто можа есьці і хто безь яго можа цешыцца з асалодаў?
  26. Бо чалавеку, які перад абліччам Ягоным ёсьць добры, Ён мудрасьць дае, і веды, і радасьць; а грэшнаму клопат дае — зьбіраць, назапашваць, каб богаспадобнаму потым аддаць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/21/02/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016